Напярэданні Дня Перамогі ўся ўвага накіравана ветэранам вайны, былым малалетнім вязням фашысцкай няволі. Ім важна любое праяўлення клопату і памяці аб іх заслугах. Не будзе перабольшваннем сказаць, што асабліва прыемныя гэтым заслужаным людзям зносіны з моладдзю. Такія сустрэчы праводзіліся ў многіх навучальных установах, у тым ліку і ў дашкольных.
6 мая ўрачысты ранішнік адбыўся ў дзіцячым садзе № 3 гарпасёлка. Ганаровым госцем на ім была Марыя Іванаўна Дулінец — былы малалетні вязень фашысцкай няволі, якая ў часы Вялікай Айчыннай вайны перажыла жудасныя выпрабаванні. Разам з ёю мерапрыемства наведала старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Галіна Мікалаеўна Філатава.
У святочнай абстаноўцы загадчыца ўстановы Ірына Аляксееўна Лагунова ад імя калектыву і выхаванцаў павіншавала Марыю Іванаўну з Днём Перамогі, выказала ёй самыя найлепшыя пажаданні і ўручыла падарунак і кветкі. Дзеці з дапамогай выхавальніцы Веры Міхайлаўны Ставіцкай і музычнага кіраўніка Іны Іванаўны Салачонак падрыхтавалі для паважанай госці цікавую канцэртную праграму пад назвай «Дзякуем за мірнае неба”. З уласцівай малышам непасрэднасцю дарылі яны Марыі Іванаўне музычныя нумары “З чаго пачынаецца Радзіма”, “Калі ветэраны ідуць на Парад”, “Развітанне Славянкі”, “Пераможны Марш”, “Вялікае Свята”, “Буду вайскоўцам”, “Балада пра салдацкую матулю”. Дзеці чыталі вершы, спявалі, танцавалі. Цікава прайшоў конкурс-гульня “Аказаць дапамогу параненаму”, запомніўся ўсім танец “Тры танкісты”.
Выступленні маленькіх артыстаў былі настолькі кранаючымі і шчырымі, што ахвяра ваеннага ліхалецця не магла стрымаць слёз, бо ў час вайны яна была прыкладнага такога ж узросту як і дзеткі ў дзіцячым садку. Марыя Іванаўна ўспомніла мінулае, распавяла аб сваім дзяцінстве і працоўнай дзейнасці ў мірны час.
Урачыстасць, арганізаваная работнікамі і выхаванцамі дзіцячага сада, стала для Марыі Іванаўны Дулінец прыемным, незабыўным, падарункам да свята Перамогі.
Сяргей ВЫСОЦКІ.



















































