
“Хочаш быць шчаслівым, будзь ім” — такі дэвіз выбрала для сябе сям’я Абрамчыкаў з Германавіч. Так і ідзе з ім па жыцці, прытрымліваючыся яго нават тады, калі ўзнікаюць непрыемнасці. А той, хто ведае гэтую вясёлую, аптымістычную, творчую сям’ю, і сам зараджаецца ад іх энергіяй і пазітывам.
Аляксандр Фадзеевіч нарадзіўся ў вёсцы Васількова, а Людміла Станіславаўна — у Дзікеве, вёскі знаходзяцца паблізу. Працавіты Аляксандар адразу заўважыў прывабную дзяўчыну Людмілу, пра такое гавораць — каханне з першага погляду. Аляксандр і Людміла кажуць, калі ў сям’і ёсць узаемаразуменне, падтрымка і дапамога адзін аднаму, усё абавязкова атрымаецца. Гэтаму вучаць і сваіх дзетак Кірыла, Надзейку і двухгадовага Іллюшу. Мабыць, таму яны такія і дружныя. Варта адзначыць, што сям’я Абрамчыкаў наведвае кожную нядзелю касцёл у Германавічах і з’яўляецца прыкладам маладой хрысціянскай сям’і.
Увогуле, яны не любяць сядзець на месцы: вандроўкі, прагулкі на прыродзе, турыстычныя злёты сталі часткай іх жыцця. І ўсюды яны бяруць з сабой дзяцей. Так, мінулым летам удзельнічалі ў фінальным раённым конкурсе на лепшы маладзёжны падворак “Уладар сяла-2014”. Сям’я атрымала ганаровую грамату Шаркаўшчынскага райвыканкама з уручэннем грашовай прэміі. Кожны ў сям’і Абрамчыкаў — творчая асоба, усе цудоўна спяваюць. Людміла можа гадзінамі расказваць пра сваю сям’ю, захапленні. Яна любіць радаваць родных незвычайнымі і смачнымі стравамі, усяму гэтаму вучыцца і дачушка Надзейка. Зараз Людміла знаходзіцца ў дэкрэтным адпачынку, даглядае маленькага Іллюшу. Дарэчы, Ілля нарадзіўся 7 лістапада 2012 года ў той дзень, калі адбылося ўрачыстае адкрыццё новай бальніцы ў Шаркаўшчыне. Такім чынам, хлопчык стаў равеснікам установы аховы здароўя, а галоўны ўрач ЦРБ Станіслаў Тадэўшавіч Стома ўзяў шэўства над нованароджаным і рэгулярна наведвае шматдзетную сям’ю. Кожны год Іллюша атрымоўвае падарункі ад кіраўніцтва райбальніцы.
Аляксандр працуе ў Германавіцкім лясніцтве вальшчыкам лесу. За сумленную працу мае пашану і ўзнагароды.
У вольны час любіць адправіцца з сынам і дачушкай на рыбалку. Трэцякласнік Кірыл праяўляе лідарскія здольнасці, выступае вядучым на школьнай сцэне, захапляецца выразным чытаннем на памяць вершаў. Служыць міністрантам пры касцёле “Перамянення Пана” ў Германавічах. Педагагічны калектыў Германавіцкай сярэдняй школы неаднаразова выказваў падзяку за выхаванне Кірыла. А маленькая Надзейка з ахвотай вучыцца чытаць, любіць маляваць, спяваць і ўжо загадзя рыхтуецца восенню пайсці ў першы клас. Дома ў мамы Людмілы ніколі не ўзнікае пытанняў, хто дапаможа па гаспадарцы, усе адразу бяруцца за справу. Кірыл і Надзейка робяць упэўненыя крокі, каб у будучым здзейсніць свае самыя светлыя мары.
— Шчаслівы той чалавек, які з усмешкай ідзе на работу і з усмешкай вяртаецца дадому, — кажа Аляксандр. — Шчасце тады ў сям’і, калі ў ёй шмат дзяцей, пануе любоў, павага, узаемавыручка і падтрымка. Мы ніколі не сварымся, пра ўсе падзеі, радасці, непрыемнасці, якія здарыліся з намі за дзень, расказваем вечарам за кубачкам гарбаты. Гэта і ёсць сакрэт нашай шчаслівай і дружнай сям’і.
Сяргей ВЫСОЦКІ.
