Цэнтр банкаўскіх паслуг № 224 філіяла № 216 ААТ “ААБ Беларусбанк” у г. п. Шаркаўшчына Галіна Іванаўна Бондар узначальвае ўжо на працягу трынаццаці год. Пасля заканчэння школы яна вучылася ў Беларускім інстытуце народнай гаспадаркі (зараз Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт). Па размеркаванні малады спецыяліст была накіраваны ў Полацкі ліцейна-механічны завод, дзе працавала эканамістам. Праз некаторы адрэзак часу Галіне Іванаўне пашчасціла вярнуцца на сваю малую радзіму ў Шаркаўшчыну. Тут спачатку была праца ў райкаме камсамола, а ў 1990 годзе ёй прапанавалі пасаду намесніка кіраўніка аддзялення ашчаднага банка № 6495 у гарадскім пасёлку. З той пары Галіна Іванаўна звязала свой працоўны лёс менавіта з банкаўскай сферай. Паступова набіраючыся вопыту, ведаў і прафесіяналізму, у 2002 годзе яе прызначылі дырэктарам гэтай установы.
Работа кіраўніка арганізацыі любой сферы дзейнасці патрабуе ад чалавека вялікай самааддачы, ўмення валодаць арганізатарскімі здольнасцямі, бачыць праблемы і безпамылкова знаходзіць шляхі іх вырашэння. Станоўчыя вынікі ў працы калектыва дасягаюцца пры той умове, што яго ўзначальвае граматны і вопытны кіраўнік.
— Справіцца з вялікім аб’ёмам работы і вырашаць шматлікія пытанні мне дапамагае калектыў супрацоўнікаў банкаўскай установы, — кажа Галіна Іванаўна. — Усе нашы работнікі — добрасумленныя, адказныя і надзейныя людзі. Кожны з іх у поўнай меры выконвае свае службовыя абавязкі. Іначай проста немагчыма працаваць у банкаўскай сферы. Патрабаванні да спецыялістаў вельмі строгія: трэба пастаянна вучыцца, самаўдасканальвацца, сачыць за апошнімі змяненнямі ў фінансавай сістэме краіны, аператыўна і эфектыўна выконваць пастаўленыя задачы.
Зараз наша банкаўская ўстанова аказвае насельніцтву больш за сто відаў розных паслуг, якія звязаны з абаротам фінансавых сродкаў. Працуем з юрыдычнымі і фізічнымі асобамі, прадпрыемствамі, арганізацыямі і ўстановамі гарадскога пасёлка і раёна. У аснове работы ляжыць умелы падыход да кожнага, хто з’яўляецца кліентам нашага банка.
Галіна Іванаўна не толькі вопытны кіраўнік і прафесіянал у банкаўскай сферы, яна яшчэ і клапатлівая жонка, і любячая маці. Займаючы актыўную жыццёвую і грамадзянскую пазіцыі, яна з’яўляецца дэпутатам раённага Савета дэпутатаў па Кіраўскай выбарчай акрузе № 12. А па выніках працы за 2014 год Галіне Іванаўне Бондар прысуджана Ганаровае званне “Чалавек года Шаркаўшчыны”.
Сяргей РАЙЧОНАК.
