Сустрэчы ў межах рэспубліканскай акцыі “Бяспечны Новы год”

Актуальное

: Выступае намеснік начальніка Віцебскага абласнога ўпраўлення МНС У. К. Лутохін у калектыве работнікаў РЭСа
 Выступае намеснік начальніка Віцебскага абласнога ўпраўлення МНС У. К. Лутохін у калектыве работнікаў РЭСа

10 снежня ў межах рэспубліканскай акцыі “Бяспечны Новы год” прайшлі сустрэчы намесніка начальніка Віцебскага абласнога ўпраўлення Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Уладзіміра Калінавіча Лутохіна і начальніка Шаркаўшчынскага РАНС Андрэя Мечыслававіча Федуковіча з працоўным калектывам раёна электрычных сетак, а таксама з настаўнікамі і вучнямі Велікасельскай дзіцячы сад—сярэдняй школы.
Падчас выступлення прысутным была даведзена інфармацыя пра стан пажарнай бяспекі на тэрыторыі Віцебскай вобласці і нашага раёна, растлумачаны мэты і задачы правядзення дадзенай акцыі. Выступоўцы акцэнтавалі ўвагу на мерах бяспекі пры карыстанні піратэхнічнымі вырабамі, набываць якія трэба толькі пры наяўнасці адпаведнага сертыфіката якасці. Уладзімір Калінавіч прывёў канкрэтныя прыклады траўміравання дарослых і дзяцей неякаснай піратэхнікай.
Асаблівую ўвагу ў сваім выступленні намеснік начальніка абласнога ўпраўлення МНС звярнуў на дзіцячую бяспеку. Прысутным ён раіў не дапускаць, каб непаўналетнія гулялі з крыніцамі агню. Ні ў якім разе дзяцей нельга пакідаць дома без нагляду. Як падкрэсліў Уладзімір Калінавіч, у доме (кватэры) у абавязковым парадку павінны быць устаноўлены аўтаматычныя пажарныя апавяшчальнікі. Пажадана, каб такі прыбор знаходзіўся ў кожным жылым пакоі. Іх наяўнасць зніжае рызыку чалавечай гібелі і развіцця пажару пры надзвычайнай сітуацыі.
Кожны з нас у паўсядзённым жыцці карыстаецца такімі хатнімі электрапрыборамі як камп’ютар, мікрахвалевая печ, чайнік і так далей. Многія з іх, акрамя халадзільнікаў, маразільнікаў і ацяпляльных катлоў, не прызначаны для кругласутачнага сілкавання ад электраправодкі. Знаходзячыся пад пастаянным напружаннем, такія электрапрыборы ствараюць рэальную небяспеку і могуць стаць крыніцамі ўзнікнення пажару.
У. К. Лутохін і А. М. Федуковіч у канцы сустрэчы адказалі на некаторыя пытанні і пажадалі з добрым настроем, без узнікнення надзвычайных сітуацый сустрэць навагоднія святы.

Сяргей РАЙЧОНАК

Начальнік Шаркаўшчынскага РАНС А. М. Федуковіч тлумачыць правілы пажарнай бяспекі настаўнікам і вучням Велікасельскай ДС—СШ
Начальнік Шаркаўшчынскага РАНС А. М. Федуковіч тлумачыць правілы пажарнай бяспекі настаўнікам і вучням Велікасельскай ДС—СШ

 

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *