
Днямі прайшла чарговая выязная калегія ўпраўлення райсельгасхарчу па жывёлагадоўлі. На яе былі запрошаны кіраўнікі, галоўныя заатэхнікі і ветурачы, лабаранты па малаку гаспадарак раёна. Прысутнічалі члены райвыканкама і спецыялісты жывёлагадоўчай галіны ўпраўлення райсельгасхарчу. Вёў калегію першы намеснік начальніка райсельгасхарчу Ю. Г. Лабуць.
Спачатку прайшла нарада ў вялікай зале Дома саветаў. Перад прысутнымі выступіла начальнік Шаркаўшчынскага вытворчага ўчастка ААТ “Глыбоцкі малочна-кансервавы камбінат” Людміла Эдуардаўна Латышонак. Яна сканцэнтравала ўвагу прысутных на патрабаваннях, якія прад’яўляюцца для залічэння малака гатункам “экстра”.
Спецыялісты райвыканкама і ўпраўлення райсельгасхарчу перад гэтым правялі праверку дзейнасці жывёлагадоўчай галіны гаспадарак раёна. Са сваімі меркаваннямі і заўвагамі, аналізуючы прадастаўленыя даведкі, выступілі галоўны ветурач раёна В. І. Лазовік, дырэктар філіяла “Шаркаўшчынская племстанцыя” РВСУП па племсправе “Віцебскае племпрадпрыемства” Ю. Б. Аляхновіч, начальнік аддзела эканомікі райсельгасхарчу А. М. Ціхановіч.

Пачаўся стойлавы перыяд утрымання грамадскага статка. Жывёлагадоўчая галіна ў дадзены момант, як ніколі, павінна даваць добры прыбытак. Менавіта ад яе развіцця залежыць дабрабыт той ці іншай гаспадаркі. А добрых вынікаў можна дасягнуць, калі захоўваць усе патрабаванні тэхналогіі вырошчвання мяса і надояў малака. Гэта, у першую чаргу, забеспячэнне жывёлы збалансаванымі па пажыўных рэчывах кармамі, захаванне рэжыму кармлення, утрыманне рабочых месцаў і абсталявання ў чысціні і парадку. У малочнай галіне неабходна імкнуцца, каб малако, якое рэалізуецца дзяржаве, было высокага гатунку, у прыватнасці, “экстра”. Для працуючых павінны быць абсталяваны цёплыя і ўтульныя памяшканні, дзе яны маглі б пераапрануцца, адпачыць пасля працы. Кожны работнік фермы мае права ведаць, як кажуць, за што ён працуе і што, у рэшце рэшт, атрымае. Аб гэтым можа сказаць наглядная агітацыя, якая часам адсутнічае.
На момант праверкі было выяўлена і наступнае. У ААТ “Княж”,”Буеўшчына”, КУВСП “Гарадзец” недакармлівалася жывёла. У шэрагу сельгаспрадпрыемстваў не завершана сартаванне жывёлы па ўзросту пасля пастаноўкі яе ў памяшканні. У кармушках цялятак да 20-ці дзённага ўзросту адсутнічалі сена, вада, соль, мел, не змяняецца падсцілка. У малочных лабараторыях няма адпаведнай дакументацыі, поўны аналіз малака на якасць не праводзіцца.
Стаіць даволі цёплае надвор’е, а каровы ўвесь час знаходзяцца ў памяшканнях — не арганізоўваюцца іх прагулкі. Ветэрынарнай службай сельгасарганізацый не рэгулярна праводзяцца праверкі кароў на скрытыя мастыты.
У ААТ “Юдыцына” і “Княж” не арганізаваны метад бяспрывязнага ўтрымання цялушак.
Да ферм Сталіца ААТ “Княж” і Ручай “Агратэхсэрвіс” не абсталяваны пад’езды, каб аўтамашыны маглі свабодна даязджаць сюды для збору малака.

Як жа вырашаюцца ўсе пастаўленыя пытанні перад жывёлаводамі КУВСП імя Маркава і ААТ “Васюкі”, даведаліся ўдзельнікі калегіі, калі наведалі фермы гэтых гаспадарак. Трэба сказаць, што рыхтаваліся да прыёму гасцей у абодвух гаспадарках. Да прыкладу, у КУВСП імя Маркава каля жывёлагадоўчых памяшканняў навялі парадак, абкасілі траву, памылі, падчысцілі дзе можна было. Падзяліліся вопытам сваёй работы загадчыцы ферм Расвет, Радзюкі, Беляі В. М. Басянок, Л. В. Аўсюкевіч і А. І. Мядзюха.
Шмат пераўтварэнняў правялі ў ААТ “Васюкі”. На аднайменнай ферме зрабілі пад’езды да памяшканняў, абсталявалі і ўцяплілі пакой для адпачынку. На ферме Жукоўшчына пераабсталявалі будынак, дзе захоўваліся караняплоды, пад месца для бяспрывязнага ўтрымання цялятак.
Здаецца, усё знешне добра, аднак выяўлены і шэраг недахопаў не толькі ў названых гаспадарках. Мала ўдзяляецца ўвагі па захаванню дысцыпліны працы, парушаецца распарадак кармлення і даення кароў, недакармліваецца жывёла. Усё гэта прыводзіць да таго, што нізкімі застаюцца прадукцыйнасць дойнага статка і прывагі жывёлы.
На калегіі асобныя кіраўнікі і спецыялісты сельгаспрадпрыемстваў за нездавальняючую работу атрымалі спагнанні.
Вынікі работы калегіі падвяла намеснік старшыні райвыканкама Галіна Фёдараўна Волах.
Кацярына СОСНА
