Задача — смачна накарміць. Пра сталовую ААТ «Жвіранка»

Сельское хозяйство

повар ААТ “Жвіранка” Наталля Мятла

Праязджаючы каля грамадскіх будынкаў ААТ “Жвіранка” лёгка можна разлічыць, дзе размешчана сталовая. Прыемныя пахі даносяцца адтуль з самага ранку. Гэта гатуюць смачныя абеды работнікі кухні для тых, хто працуе ў гаспадарцы. Асноўны кантынгент — механізатары, занятыя на ўздыме зябліва, будаўнікі, пенсіянеры і шэфы з райцэнтра, якія задзейнічаны на пераборцы бульбы, і многія іншыя. Колькасць людзей, якіх трэба пакарміць, не змяншаецца з вясны да позняй восені. Скажам, цяпер рыхтуецца да 80 абедаў. Варта сказаць, што ў час пашавага ўтрымання жывёлы абеды падвозілі і пастухам.
Застаецца паведаміць, што шмат гадоў загадвае сталовай гаспадаркі Раіса Георгіеўна Катовіч. Поварам працуе Наталля Іванаўна Мятла. Дастаўляюць гатовыя абеды на патрэбныя аб’екты маладыя жанчыны Таццяна Мядзюха і Марына Жойдзь.
— У 12 гадзін павінны быць гатовы ўсе стравы, — расказвала нам Наталля Іванаўна, якая ў той дзень гатавала суп, катлеты, кампот са свежых яблыкаў. З вечара нам падаюць заяўкі спецыялісты, колькі трэба наварыць страў і тады мы, сваім невялікім калектывам, складаем меню. Большасць прадуктаў свае — мяса, агародніна. Чаго не хапае — дастаўляем з магазіна.
Нават зімою сталовая сельгаспрадпрыемства не спыняе сваю работу. Менавіта ў той час вядуцца будаўнічыя работы і людзей трэба карміць.
А смачна паеўшы і праца спорыцца. Прычым, аплата за абеды параўнальна невялікая. Зручна і тое, што эканоміцца час, адведзены на абед для працуючых.
Кацярына СОСНА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *