Гартаючы мінулагоднюю падшыўку раённай газеты, мы звярнулі ўвагу на тое, што ўжо 13 жніўня сярод камбайнераў сельгаспрадпрыемстваў першым, хто намалаціў тысячу тон збожжа, стаў Юрый Урублеўскі з КУВСП “Гарадзец”. Назіраючы за ходам сёлетняй уборачнай кампаніі, усім зразумела, што ўмовы надвор’я не даюць на поўную моц вясковым хлебаробам уключыцца ў працэс уборкі. Жніво 2016 года і сапраўды стала “бітвай за ўраджай”. Тым не менш, сумленныя адносіны да працы камбайнераў, вадзіцеляў і механізатараў, якія нягледзячы на ліпеньскія і жнівеньскія дажджы знаходзілі пагодныя дні і выводзілі без прамаруджвання тэхніку ў поле, дазволілі выратаваць ураджай зерневых.
Па аператыўнай інфармацыі, якую двойчы на тыдзень мы атрымоўваем ад райкама прафсаюза работнікаў АПК і друкуем на старонках газеты, лідарам сярод камбайнераў па намалотах з упэўненым адрывам ад астатніх ідзе Мікалай Ліпскі з ААТ “Даватарскі”. І вось менавіта яму першаму ў раёне 28 жніўня “пакарыўся” тысячны рубеж — малады камбайнер адправіў у дзяржаўныя засекі 1.025 тон зерня.
З гэтай нагоды павіншаваць перадавіка прама ў поле накіраваліся старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў І. В. Малюгін і старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Л. І. Зубовіч. Камбайны працавалі каля вёскі Амбросенкі — абмалочвалі ўчастак пшаніцы. Таму падчас выгрузкі чарговага бункера Мікалай Ліпскі атрымаў з рук І. В. Малюгіна дыплом Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, а таксама каштоўныя падарункі за сваю добрасумленную працу.
У гэты ж час да свайго дзядзькі — перадавога камбайнера — прыйшоў на поле яго пляменнік Раман, прынёс родзічу хатніх харчоў, каб падсілкавацца. Хлопчык папрасіў нас сфатаграфавацца побач з дзядзькам, бо ён таксама ім вельмі ганарыцца і хоча ў будучым стаць хлебаробам.
Грамату Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, каштоўныя падарункі атрымаў і вадзіцель ААТ “Ельня-Агра” Віктар Красько. Ён таксама перайшоў тысячны рубеж у перавозе зерня ад камбайнаў. Віктар ужо адзінаццаць год працуе на МАЗе, але аўтамабіль заўсёды знаходзіцца ў спраўным стане.
— Калі не будзеш сачыць за тэхнікай, то і такіх вынікаў у працы не будзе, — кажа вадзіцель. — Тым больш, што ўборачная кампанія заўсёды самы адказны перыяд для хлебаробаў. І ад таго, як своечасова спрацуе тэхніка на адвозе збожжа, ў пэўнай меры залежыць наш агульны вынік.
Сяргей РАЙЧОНАК



