Чытайце новую аповесць Міледзія Кукуця «У палоне кахання». Кнігу можна знайсці ў раённай бібліятэцы

Актуальное

DSC08104 (Копировать)У гэтым годзе у выдавецтве “Мастацкая літаратура” выйшаў у свет  літаратурны зборнік “Ева ў пошуках Адама”, на старонках якога надрукавана новая аповесць Міледзія Кукуця “У палоне кахання”. Пра творчасць Міледзія Мікалаевіча літаратары адгукнуліся наступным чынам:“яго творы напоўнены верай, надзеяй і каханнем. Аўтар шчыры ў сваіх пачуццях, і таму створаныя ім вобразы ўспрымаюцца як рэальныя”.

Галоўнай гераіні аповесці “У палоне кахання”, загадчыцы малочна-таварнай фермы ўсяго 30 гадоў. Калісьці Валя, як і кожная дзяўчына, марыла аб вялікім светлым каханні. Аднак адным цёплым ліпеньскім вечарам яе мары разбіліся аб вугал  непаразумення каханага чалавека.

З той пары праляцела доўгіх дванаццаць гадоў. Валянціна Пятроўна зараз кваліфікаваны спецыяліст, з якім раіцца, нават, кіраўніцтва сельгаспрадпрыемства. Жанчына самастойна выхоўвае дзвюх дачушак. Яна разумее, што жыць ў вёсцы адной вельмі цяжка і складана, і таму  прымае заляцанні да яе ад прараба Сашы, нячыстага на руку. Але ў думках Валя ўспамінае Андрэя, бацьку старэйшай дачушкі Волечкі, які пакінуў яе яшчэ цяжарнай і паехаў за “доўгім” рублём.

І вось зноў, праз дванаццаць гадоў, адбылася сустрэча Валі і Андрэя. Маленькая іскрынка кахання, якая цеплілася ў сэрцах закаханых, разгарэлася вялікім полымем. Аднак Саша не можа дараваць гэтага Валянціне.

Паехаўшы ў Мінск за абноўкамі для Сонечкі, малодшай дачушкі, Валя разам з маці трапляе ў аўтамабільную аварыю…

Як склаўся далейшы жыццёвы шлях Валянціны Пятроўны, паважаныя чытачы, вы даведаецеся, калі прачытаеце аповесць “У палоне кахання”. Міледзій Мікалаевіч Кукуць падарыў адзін экземпляр  кнігі “Ева ў пошуках Адама” чытачам раённай бібліятэкі, якая працуе з 8 гадзін раніцы да 19 гадзін вечара штодня, акрамя суботы. Прыемнай вам сустрэчы з цікавай кнігай, дарагія аматары роднага слова і творчасці М.М.Кукуця!

 

М. СУШКО,

загадчыца аддзела бібліятэчнага маркетынгу  ДУК “Шаркаўшчынская ЦБС”



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *