Пра асаблівасці сваёй прафесіі расказвае галоўны эканаміст КУВСП імя Маркава Алена Білюк

Актуальное

22230 чэрвеня сваё прафесійнае свята адзначаюць людзі, занятыя ў сферы эканомікі. Яны займаюцца распрацоўкай і прымяненнем разнастайных метадаў, накіраваных на максімальнае павелічэнне гаспадарчай дзейнасці.
— Асноўная задача эканаміста — шляхам разліку і планавання фінансавых сродкаў, кантролю за іх расходаваннем, аналізу дзейнасці сельгаспрадпрыемства зрабіць яго прыбытковым, — тлумачыць галоўны эканаміст КУВСП імя Маркава Алена Білюк. — Па роду сваёй дзейнасці мы — эканамісты — кожны дзень, з году ў год займаемся не толькі аналізам дзейнасці арганізацыі, але і складаем адпаведныя планы, сочым за статыстыкай. І хоць нагрузка досыць вялікая, часта прыходзіцца працаваць і выхаднымі, затрымлівацца на рабоце, сваю прафесію я люблю.
Пасля заканчэння Полацкага сельскагаспадарчага тэхнікума Алена Мілецьеўна тры гады працавала на Дубровеншчыне. У 1990 годзе вярнулася на сваю малую радзіму. З таго часу нязменна працуе галоўным эканамістам КУВСП імя Маркава.
— Пачынаць было цяжка, — успамінае Алена Мілецьеўна, — але вырашаць шматлікія пытанні і праблемы мне заўсёды дапамагалі вопытныя калегі.
У сям’і выраслі дзве дачкі: Лізавета цяпер жыве ў Шаркаўшчыне, Кацярына — у Мядзелі. Растуць трое ўнукаў. На маю думку, большага шчасця для жанчыны і не трэба. Галоўнае, каб у сям’і былі згода, узаемапавага і паразуменне, каб шчаслівымі і здаровымі раслі дзеці. А калі да ўсяго гэтага дадаць яшчэ і любімую работу, то з упэўненасцю можна сказаць, што жыццё складваецца найлепшым чынам.
Сяргей РАЙЧОНАК.