Францішцы Казіміраўне Рубніковіч, якая жыве ў вёсцы Сталіца (ААТ “Княж”) мінула 80 гадоў. У такім узросце жыць адзінокаму чалавеку без сям’і вельмі складана. Добра, што яшчэ жанчына, як кажуць, на сваіх нагах. Самае неабходнае можа зрабіць па дому, нешта вырасціць для сваіх патрэб у гародчыку.
— Ні на што не скарджуся, — прызнавалася пры сустрэчы Францішка Казіміраўна. — Дзяржава клапоціцца аб нас. Даюць пенсію і гэтых грошай хапае. Добрыя суседзі ў мяне Ала і Іван Давыдзёнкі. Калі што трэба, дапамогуць.
Загартавалася за пражытыя гады жанчына. Цяжкія выпрабаванні выпалі на яе долю. З маладосці і да старасці даводзілася шмат фізічна працаваць. Калі была калгасніцай, то вялікіх заробкаў не мела, бо ў той час людзі атрымлівалі грашы. А разам з бацькамі гадаваліся іх тры дзяўчыны. Каб хоць як забяспечыць сям’ю і сябе, разам з іншымі дзяўчатамі вёскі Францішка завербавалася ў Карэлію і працавала там на лесапавале.
А калі пачалася вайна, яе разам з іншымі маладымі дзяўчатамі і хлопцамі звезлі ў Германію. Тры гады працавала там на розных цяжкіх работах, а харчавалася хлебам з апілак і запівала вадой. Вельмі хацелася вярнуцца дадому. Калі такая магчымасць з’явілася (пасля заканчэння вайны), радасці не было канца. Так вабілі родныя мясціны, што нават у душным, цесным вагоне, які імчаў на радзіму, здавалася ўтульна. Поезд даставіў вязняў у Глыбокае, адтуль шаркаўчане ішлі дадому пешшу. Прыехала і Францішка ў сваю хатку, якая ўцалела пасля вайны, і такая мілая яна была і цёплая, хаця без падлогі і з дахам саламяным. На той час бацька памёр, маці ў вайну кантузіла, вось і пайшла маладая дзяўчына працаваць па найму да вяскоўцаў, каб зарабіць на кавалак хлеба.
— Цяпер гавораць пра каханне, якое існуе паміж маладымі людзьмі, — разважае Францішка Казіміраўна. — А я і па сённяшні дзень не ведаю, што гэта такое. Бо лёс прымусіў выйсці замуж за старога, але багатага ўдаўца з дзецьмі. 20 гадоў пражылі з мужам без кахання і ласкі. Сваіх дзяцей Бог не даў — не было з кім раздзяліць свае пачуцці. Амаль 30 гадоў, як муж адыйшоў у свет іншы, яго дзеці раз’ехаліся хто куды і забыліся пра свае карані.
Кажуць, што ў жыцці, як у боксе: галоўнае ні з якой сілай ты наносіш удары, а якой сілы ўдар ты зможаш вытрымаць. Францішка Казіміраўна ўсё вытрымала. І ведае, што неадольных цяжкасцей не бывае. Цяпер, здаецца, усё ўсталявалася, жыць стала значна лягчэй, толькі гады няўмольна бягуць, і ўсё больш пакідаюць сілы. Толькі ў час глыбокай сталасці адчула ўсю асалоду жыцця, калі з душы зніклі бурлівыя страсці маладыя. Такое жыццё чалавечае.
Кацярына СОСНА
