Асноўнымі мэтамі сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на 2016—2020 гады з’яўляюцца прырост валавага ўнутранага прадукту на 12—15 працэнтаў, рост рэальных грашовых даходаў грамадзян на 9,5—11,6 працэнта, зніжэнне ставак па крэдытах да 9—11 працэнтаў. Для дасягнення пастаўленых мэт развіццё краіны будзе грунтавацца на такіх прыярытэтах як інвестыцыі, занятасць, экспарт, інфарматызацыя і моладзь. Галоўная мэта развіцця краіны на 2016—2020 гады — павышэнне якасці жыцця насельніцтва на аснове росту канкурэнтаздольнасці эканомікі, прыцягнення інвестыцый і інавацыйнага развіцця. Гэта было агучана на пятым Усебеларускім народным сходзе, які прайшоў у Мінску 22—23 чэрвеня. Дадзеная тэма стала асноўнай пры сустрэчы дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Мечыслава Віктаравіча Морхата з працоўнымі калектывамі гарадскога пасёлка і раёна, якую ён правёў 4 ліпеня.
Парламентарый наведаў ДРБУ-131, РАНС, РАУС, ААТ “Васюкі”, кансервавы завод і цэнтральную раённую бальніцу. Дадзеныя сустрэчы праводзіліся па даручэнні Прэзідэнта краіны А. Р. Лукашэнкі і спікера ніжняй Палаты беларускага парламента У. П. Андрэйчанкі. Мечыслаў Віктаравіч падрабязна паведаміў пра работу пятага Усебеларускага народнага сходу, зачытаў праект асноўных палажэнняў праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2016—2020 гады.
Па меркаванні дэпутата, сустрэчы з працоўнымі калектывамі — гэта добрая магчымасць абмеркаваць увесь спектр праблем, выпрацаваць агульныя падыходы да іх вырашэння. Мечыслаў Віктаравіч падрабязна спыніўся на грамадска-палітычнай сітуацыі ў краіне, дасягненнях у шматлікіх абласцях жыццядзейнасці беларускага грамадства. Важнай тэмай дыялога сталі выбары ў парламент, якія адбудуцца 11 верасня. Дэпутат заклікаў удзельнікаў сустрэчы выканаць свой грамадзянскі абавязак — прыняць актыўны ўдзел у выбарах. Парламентарый таксама падкрэсліў, што кожны беларус, асабліва ў перыяд эканамічных цяжкасцей, павінен на ўласным прыкладзе і сваёй карпатлівай працай рабіць усё грамадства мацнейшым. Толькі так можна пераадолець цяжкасці і зрабіць краіну квітнеючай і паважанай у свеце дзяржавай.
Сяргей РАЙЧОНАК
Фота Сяргея РАЙЧОНКА, Алены АНАНІЧ











