Пошукавую групу ў складзе Дзмітрыя Аляхновіча, Алесі Цярэшка, Сцяпана Храла і Вікторыі Шышко — вучняў Германавіцкай сярэдняй школы — паклікала ў дарогу пісьмо. Аўтар допісу — Ірэна Вільгельмаўна Касевіч-Прыступа, ураджэнка вёскі Дзікева, якая жыла тут з 1937 да 1957 года. Калі ёй было 20 год, сям’я змяніла месца жыхарства, і цяпер Ірэна Вільгельмаўна пражывае ў горадзе Уральску Заходне-Казахстанскай вобласці. У сваім пісьме яна просіць, каб у раённай газеце некалькі слоў напісалі пра яе бацьку, Вільгельма Усцінавіча Касевіча, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны, які ў маі 1945 года прапаў без вестак. Сведчанне гэтаму — копія паведамлення ад 30 кастрычніка 1948 года за подпісам Шаркаўшчынскага раённага ваеннага камісара Заўялава і начальніка 2 часці капітана Сучкова.
Пачаць пошук звестак пра В. У. Касевіча мы вырашылі з успамінаў пра гэту сям’ю ад старэйшых жыхароў вёсак Дзікева, Белы Двор і Атокі. Кіраўнік справамі Германавіцкага сельскага выканаўчага камітэта Лідзія Антонаўна Гінько назвала нам некалькі прозвішчаў жыхароў гэтых вёсак, якія нарадзіліся ў даваенны час. Так мы трапілі да Ірэны Юльянаўны Рымчонак, якая ўспомніла Ірэну Касевіч, добра ведала яе, так як іх дзяцінства і юнацтва прайшлі разам. Ірэна Юльянаўна вельмі расчулілася, пачуўшы аповед пра мэту нашага пошуку. Даведаўшыся, што мы будзем пісаць пісьмо Ірэне Вільгельмаўне, прасіла перадаць ёй прывітанне. Многае ўжо сцёрлася з памяці пра пасляваенны час. Быў ён, як зазначыла Ірэна Юльянаўна, з аднаго боку цяжкім, а з другога — вельмі значным і радасным.
Далей наш шлях ляжаў у вёску Белы Двор. Гаспадыню дома, у які мы завіталі, Ірэну Альбінаўну Сташкевіч мы добра ведалі. Неаднаразова наведвалі яе мужа, ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Уладзіміра Дзмітрыевіча, які, на жаль, у мінулым годзе пайшоў з жыцця. Яна расказала пра сям’ю Касевічаў. Памятала Ірэну Касевіч, яе маці Марыю Усцінаўну і бацьку Вільгельма Усцінавіча. “Працавітая была сям’я, дастатку вялікага не мелі. Наймаліся на працу. Чакалі з вайны гаспадара, але не дачакаліся, а потым і зусім паехалі адсюль”, — паведаміла нам Ірэна Альбінаўна. Слова за слова, і наша гаворка пайшла пра тыя далёкія часіны. Мы шмат даведаліся ад відавочцы пра падзеі ў нашай мясцовасці за польскім часам, пра вайну, пасляваеннае жыццё. Тое, што мы вывучалі па падручніку, Ірэна Альбінаўна праілюстравала ў сваіх ўспамінах і расказах сваіх бацькоў, якія яна трымае ў памяці. Непрыкметна размова перайшла да сучаснасці. Мы пагутарылі пра тое, што вельмі важна для моладзі быць адукаванымі, гуманна ставіцца да іншых людзей, ведаць свае карані. Ірэна Альбінаўна засяродзіла ўвагу на каштоўнасці сям’і і неабходнасці паважлівых адносін дзяцей да бацькоў і наадварот.
Мы былі вельмі задаволены нашым падарожжам і сустрэчай з гэтымі вясковымі жанчынамі— мудрымі, разважлівымі, сардэчнымі. Як кажуць, з такімі людзьмі пагаварыць — самому розуму набрацца.
Калі вярталіся дамоў, размаўлялі пра тое, як важна для кожнага чалавека тое месца, дзе ён нарадзіўся. З якой пяшчотай піша Ірэна Вільгельмаўна пра вёску Дзікева. Падчас падарожжа зрабілі шэраг фотаздымкаў ваколіц, прыгожых краявідаў і абавязкова дашлём іх ёй у Казахстан. Прайшло каля 60 гадоў, як сям’я Касевіч выехала ў далёкую краіну, але памяць пра родную вёску засталася ў Ірэны Вільгельмаўны на ўсё жыццё.
Безумоўна, важна ведаць і памятаць мінулае сваёй Радзімы, сваёй мясцовасці, сваёй сям’і, ведаць сваіх продкаў. Сёння да нас у школьны музей вельмі часта звяртаюцца сваякі салдат Вялікай Айчыннай вайны, каб знайсці звесткі пра сваіх родных, якія абаранялі нашу зямлю ад нямецка-фашысцкіх акупантаў. Вялікія магчымасці ў гэтым плане дае абагульненая база дадзеных “Мемарыял”, якая пастаянна папаўняецца ўсё новымі архіўнымі матэрыяламі. Менавіта тут мы знайшлі “Імянны спіс на пошук ваеннаслужачых радавога і сяржанцкага складу, сем’і якіх страцілі з імі сувязь у перыяд Вялікай Айчыннай вайны”. Акрамя Вільгельма Усцінавіча Касевіча, тут указаны прозвішчы нашых землякоў: Івана Сямёнавіча Еўдакімава з вёскі Маскалюкі, Часлава Восіпавіча Зенкевіча з Беладворскага сельскага Савета, Франца Аўгусцінавіча Катовіча з вёскі Жукі Ложныя. Усе яны прапалі без вестак. Іх чакалі родныя, спадзяваліся, што вернуцца дамоў.
Прайшло больш сямідзесяці пасляваенных год, але памяць пра Вялікую Айчынную вайну жыве ў сэрцах нашчадкаў салдат Перамогі і дапамагае нам цаніць і берагчы мір.
І. ПУЧЫНСКАЯ,
кіраўнік гісторыка-краязнаўчага музея Германавіцкай СШ.