
І сёння, у век сучасных тэхналогій, на сяле па-ранейшаму запатрабавана прафесія работніка пошта. Вясковага паштальёна ведаюць у кожным доме ад яго, з нецярпеннем чакаюць свежых навін — газет і часопісаў, а людзям пажылога ўзросту ён акрамя перыядычных выданняў яшчэ дастаўляе пенсію, а таксама тавары спажывецкага попыту.
Вось і жыхары аграгарадка Більдзюгі і суседняй вёскі Яцкаўшчына даволі часта наведваюць сваё аддзяленне паштовай сувязі, бо менавіта адтуль можна адправіць грашовы перавод, аформіць падпіску на газеты і журналы або проста сустрэцца з аднавяскоўцамі, а заадно купіць штосьці неабходнае. На пошце можна набыць харчовыя і прамысловыя тавары першай неабходнасці, а ўсе паслугі вяскоўцы могуць аплаціць як за наяўныя грошы, так і з дапамогай банкаўскай карткі, бо ў аддзяленні працуе тэрмінал.
У склад калектыву паштовага аддзялення аграгарадка Більдзюгі ўваходзяць 3 супрацоўнікі: начальнік Ганна Баляславаўна Драбовіч і два паштальёны: Вольга Міхайлаўна Кубліцкая і Зоя Сяргееўна Дзіковіч.
— Стараемся спраўляцца з усімі пастаўленымі задачамі, выконваем даведзены план па падпісцы на перыядычныя выданні, — адзначыла начальнік аддзялення Ганна Баляславаўна Драбовіч. — І паштальёны ў нас працуюць вопытныя. Вольга Міхайлаўна Кубліцкая абслугоўвае частку тэрыторыі аграгарадка і вёску Яцкаўшчына, Зоя Сяргееўна Дзіковіч працуе непасрэдна ў Більдзюгах. Абедзве жанчыны адказныя і працалюбівыя, на пошце працуюць каля 8 гадоў. Дзень за днём, нягледзячы на дождж, шквальны вецер, люты мароз, нашы паштальёны з пачкамі газет і часопісаў, таварамі першай неабходнасці прыходзяць у кожны дом. Людзі, асабліва пажылое насельніцтва, вельмі чакаюць прыходу свайго паштальёна. Заўсёды ветліва сустракаюць, цікавяцца навінамі, запрашаюць у госці. А мы, у сваю чаргу, для кожнага імкнемся знайсці добрае слова.
Ганна Баляславаўна Драбовіч Більдзюжскае аддзяленне паштовай сувязі ўзначальвае з 2010 года. За шматгадовую добрасумленную працу ў галіне паштовай сувязі і выкананне планавых паказчыкаў па няпрофільных паслугах жанчына была ўзнагароджана Падзякай Глыбоцкага раённага вузла паштовай сувязі, у склад якога ўваходзіць Шаркаўшчынскі ўчастак паштовай сувязі.
Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ.