Жаданне рабіць дабро хлопчыкам і дзяўчынкам, якія маюць у гэтым вялікую патрэбу, аб’яднала праваахоўнікаў Віцебскай вобласці. 1 верасня стартавала акцыя “Міліцыя Віцебшчыны — дзецям!”, у цэнтры ўвагі якой дзеці са шматдзетных, малазабяспечаных і праблемных сем’яў. Прайшла гэта акцыя і ў нашым раёне.
Спачатку спецыялісты аддзялення сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі тэрытарыяльнага Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва выявілі якія праблемы маюцца ў сем’ях, якая ім патрэбна дапамога. Супрацоўнікі раённага аддзела ўнутраных спраў на агульным афіцэрскім сходзе прынялі рашэнне сабраць пэўную грашовую суму на набыццё тых рэчаў, у якіх ёсць неабходнасць для сям’і. І вось 8 верасня першы намеснік начальніка Шаркаўшчынскага РАУС Аляксандр Раманоўскі, намеснік начальніка РАУС па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні Андрэй Нікалаеў, а таксама спецыялісты аддзялення сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі ТЦСАН Алёна Шудзель і Святлана Нікалаева наведалі сям’ю Дзіль у аграгарадку Більдзюгі. У бацькоў Фёдара Андрэевіча і Кацярыны Веніямінаўны выхоўваюцца трое сыноў і адна дачка. Сям’я гэта з нізкім матэрыяльным даходам, у якой усе чацвёра дзяцей з’яўляюцца вучнямі Більдзюжскай СШ. Таму менавіта ім і вырашана было аказаць дапамогу ў выглядзе набораў асабістай гігіены.
— Такая акцыя ў нашым раёне прайшла ўпершыню, — кажа нам Андрэй Нікалаеў. — Спадзяюся, што ў будучым яна будзе працягвацца. Выказваю вялікую ўдзячнасць супрацоўнікам Шаркаўшчынскага РАУС, якія не засталіся ў баку і сабралі грошы на падарункі для дзяцей.
Сяргей РАЙЧОНАК.

