На базе Каўшэлеўскага дома фальклору пяты год запар ладзяцца «Піліпаўкія вячоркі». Сёлета прайшлі яны 25 лістапада перад пачаткам Каляднага (Піліпаўскага) паста. Пачынаючы мерапрыемства, перад прысутнымі выступіла Надзея Вайцюль.
Удзельнікі народнага гурта «Купалінка», апранутыя ў нацыянальныя касцюмы, спявалі народныя і абрадавыя песні, успаміналі пра сваю маладосць. Прагучалі песні «Каля млына», «Чыя гэта ніва?», » Як пайду я ў даліну», «Шумяць вербы ля грэблі»,»А я бачыў, бачыў» і іншыя.
Спрытна танчылі 4 пары даўнейшыя танцы «Кракавяк», «Польку», «Какетка» і іншыя. У выкананні народнага ансамля «Каўшэлеўскія музыкі» гучалі народныя мелодыі і полькі. Павесялілі гледачоў дзве гумарэскі, запісаныя ад мясцовых жыхароў: «Бабскі розум — кароткі», «Пан і фурман».
Дарэчы, каўшэлеўскі фальклорны гурт «Купалінка” існуе 27 гадоў. Гісторыя калектыву пачалася ў 1989 годзе, калі прадстаўнікі розных прафесій аб’ядналіся, каб вывучыць мясцовы фальклор, спяваць, удзельнічаць у народных абрадах. Апроч народных песень у рэпертуары значнае месца займаюць творы, напісаныя на вершы мясцовых паэтаў.
Асобную ўдзячнасць хочацца выказаць самым старэйшым і паважаным удзельніцам вячорак: Ірыне Іванаўне Муха, Аліне Іосіфаўне Катовіч, Марыі Вітальеўне Беспальчык, Ірыне Уладзіміраўне Язёнак, Раісе Якаўлеўне Заяц. Адметная роля ў калектыве і на мерапрыемствах у Леаніда Генадзьевіча Адамёнка і Лідзіі Іванаўны Верашчакі, Лёлі Чаславаўны Ермалёнак, Барыса Лявонцьевіча Руткоўскага, Валерыі Язёнак, Людмілы Белевіч. Заўсёды актыўна ўдзельнічае ў мерапрыемстве Людміла Анатольеўна Ананіч.
А ў другой частцы юбілейнай вечарыны былі прадэманстраваны відэазапісы папярэдніх вячорак. Прагляд узняў настрой і дадаў яшчэ болып зацікаўленасці і інтарэсу працягваць працу па захаванні і папуляразацыі мясцовага фальклору. Кажуць, што без мінулага няма будучага… Вельмі радасна, што ёсць у нашым раёне такія апантаныя людзі. Вельмі хочацца, каб іх рады папаўняліся, а вопыт перадаваўся маладому пакаленню. Мерапрымствы ў Каўшэлеўскім доме фальклору праходзяць з адной мэтай — захаваць мясцовую спадчыну з яе абрадамі і традыцыямі. Вялікі дзякуй вам, паважаныя ўдзельнікі свята, за вашу працу і ўклад у захаванне і развіццё народных традыцый.
А. СУХАВЕРСКАЯ,
метадыст па фальклоры РЦК
