
Сярод некалькіх жылых сядзібаў калісьці шматлюднай вёскі Грыблы — дом, у якім пражываюць Дзмітрый Уладзіміравіч і Ніна Іванаўна Райчонкі. Звычайны сялянскі быт, напоўнены штодзённымі клопатамі па гаспадарцы, ціхаплыннае вясковае жыццё. Жыццё, па якім больш сарака год крочаць разам муж і жонка. А 14 студзеня Дзмітрый Уладзіміравіч святкуе 75-гадовы юбілей.
Ён нарадзіўся ў 1942 годзе ў гэтай жа вёсцы. У 1944 на фронце загінуў яго тата. Спаленая вёска, жыццё разам з маці ў часовай зямлянцы. Рана прыходзілася юнакам і дзяўчатам у той час сталець, дапамагаць аднаўляць родную вёску, зарабляць на акрайчык хлеба. Пасля заканчэння школы з 1959 па 1960 гады з’яўляўся курсантам Пастаўскага рамеснага вучылішча па механізацыі сельскай гаспадаркі. Затым, вярнуўшыся дадому, сем гадоў працаваў трактарыстам у калгасе “Іскра”. Паралельна завочна абучаўся ў Гарадоцкім тэхнікуме. У 1966 годзе кіраўніцтва калгаса, бачачы здольнасці маладога хлопца, прызначыла яго на пасаду механіка. Лёсавызначальным для Дзмітрыя стаў 1969 год, калі ён у ліку перадавікоў сельскай гаспадаркі раёна быў прэміраваны тыднёвай паездкай у Маскву на ВДНГ. Вось там і пазнаёміўся са сваёй другой паловай, звычайнай сялянскай дзяўчынай Нінай, перадавой даяркай калгаса імя Калініна нашага раёна. Гісторыя іх знаёмства ў нечым напамінае сюжэт мастацкай стужкі рэжысёра Івана Пыр’ева “Свінарка і пастух”, дзе галоўныя героі, сустрэўшыся ў Маскве, звязалі свае лёсы ў адзін. Так і Дзмітрый з Нінай, вярнуўшыся дадому, неўзабаве згулялі вяселле. Дзмітрый па-ранейшаму працаваў механікам, Ніна ж працаўладкавалася даяркай на мясцовую ферму.
—Шматлікія цяжкасці, якія сустракаліся на нашым жыццёвым шляху, мы пераадольвалі разам з жонкай, — кажа Дзмітрый Уладзіміравіч. — Праца на зямлі ніколі не была лёгкай. Да світання трэба было ўстаць, справіцца з хатняй гаспадаркай і хуценька спяшацца на ранішнюю “лятучку” ў калгасную кантору. Спраў хапала, бо я адказваў за аўтапарк з трыццаці трактараў, пятнаццаці аўтамашын, дванаццаці камбайнаў. А дадаць яшчэ да гэтага частыя камандзіроўкі. Каб больш часу і ўвагі заставалася для сям’і, у 1979 годзе перайшоў працаваць на пасаду брыгадзіра, на якой і дарабіў да выхаду на пенсію ў 2002 годзе. Успамінаецца той час, калі гаспадарку ўзначальваў Іосіф Іосіфавіч Гернат — сапраўдны кіраўнік. Праяўляў належную прынцыповасць і справядлівую патрабавальнасць да падначаленых. Шмат жылля будавалася для калгаснікаў, узводзіліся гаспадарчыя пабудовы, вытворчыя памяшканні, абнаўляўся аўтапарк, укараняліся новыя тэхналогіі ў раслінаводстве і жывёлагадоўлі. А яшчэ і людзі вельмі працавітыя былі. Сумленна адносіліся да сваіх абавязкаў перадавікі-механізатары Дзмітрый Андрэйчык, Іван Шпаковіч, Венядзікт Станюш. Маёй жонцы перадавалі вопыт аператары машыннага даення Зінаіда Райчонак, Ганна Сікора, Марыя Чабатаронак.
Хоць шчасце — паняцце шматграннае і кожны разумее яго па-свойму, для Дзмітрыя Уладзіміравіча яно ў першую чаргу ў тым, што разам з жонкай выгадавалі ўдзячных дзяцей, маюць трох унукаў. А цяпер, азірнуўшыся на пражытыя гады, юбіляр з гонарам можа сказаць: “Я жыў як чалавек сярод людзей і будаваў зямны свой шлях з пяшчотай да сям’і, з сумленнем да астатніх”.
Ухутаная белым снегам, маўкліва стаіць родная вёска. Павольна і нябачна, нібы тая вадзіца ў рачулцы, што побач, працякае жыццё. Дык няхай жа для вас, Дзмітрый Уладзіміравіч, яно працягнецца яшчэ на доўгія-доўгія гады!
Андрэй БУРЭЦ
