Папярэджанне, выратаванне, дапамога. Гэта некаторыя з прынцыпаў працы выратавальнікаў. Адвага і мужнасць, гатоўнасць да самаахвяравання ў імя людзей заўсёды адрозніваюць прадстаўнікоў гэтай прафесіі. Высокі прафесіяналізм, вопыт і ўменне знайсці выхад з самых складаных і экстрымальных сітуацый — гэтыя якасці дазваляюць выратавальнікам заваёўваць аўтарытэт і павагу грамадзянскага насельніцтва.
Сёння работа па ліквідацыі наступстваў надзвычайных сітуацый прыроднага і тэхнагеннага характару патрабуе высокай кваліфікацыі, ініцыятыўнасці, адказнасці і мужнасці. Прафесія выратавальніка — адна з самых цяжкіх, але, разам з тым, і самых высакародных. Яны і ў мірныя часы заўсёды знаходзяцца нібы на перадавой, абараняючы нас, наша жыццё і маёмасць ад стыхійных бедстваў.
З нагоды прафесійнага свята пра работу выратавальнікаў-пажарных у мінулым годзе мы даведаліся ад начальніка Шаркаўшчынскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Андрэя Мечыслававіча Федуковіча.
— Андрэй Мечыслававіч, што на сённяшні дзень уяўляе сабой Шаркаўшчынскі РАНС?
— На дадзены момант у раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях службу нясуць 43 чалавекі афіцэрскага і асабовага складу. Кругласутачнае дзяжурства ажыццяўляюць пажарная аварыйна-выратавальная частка №1 у гарадскім пасёлку, а таксама пажарныя аварыйна-выратавальныя пасты № 12 у вёсцы Варонка і № 13 у аграгарадку Лужкі. Падраздзяленні цалкам забяспечаны ўсім неабходным абсталяваннем, якое неабходна для ліквідацыі наступстваў надзвычайных здарэнняў і выратавання людзей з самых небяспечных сітуацый.
— Звернемся да статыстыкі. Ці шмат раз прыходзілася выратавальнікам ажыццяўляць выезды для ліквідацыі надзвычайных сітуацый у мінулым годзе?
— У 2016 годзе на тэрыторыі раёна адбылося 12 пажараў. Знішчана адна пабудова. Асноўнымі прычынамі пажараў сталі парушэнне правілаў эксплуатацыі электраабсталявання, неасцярожнае абыходжанне з агнём, а таксама парушэнне правілаў эксплуатацыі пячнога ацяплення. Акрамя таго, здзяйсняліся выезды для выратавання людзей, якія трапілі ў аўтааварыі.
— Калектыў РАНС у апошні час папоўніўся маладымі кадрамі. Як гэта ўплывае на працу аддзела?
— Так, работнікі, якія дасягнуўшы адпаведнага ўзросту адыходзяць на заслужаны адпачынак, перадаюць свае ўменне, прафесійныя навыкі і вопыт маладому пакаленню. Усяго на 1 студзеня сёлетняга года ў раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях нясуць службу 15 чалавек ва ўзросце да 31 года. У 2016 годзе да выканання службовых абавязкаў прыступіў Ілля Шчабол. Ён закончыў Камандна-інжынерны інстытут МНС РБ і цяпер працуе начальнікам караула ў ПАВЧ №1 г.п. Шаркаўшчына. Вадзіцелямі аўтамабіляў сталі працаваць Ілля Хмельнік і Дзмітрый Крыўка. Прыкладаем максімум намаганняў, каб маладыя супрацоўнікі з усёй паўнатой адказнасці адносіліся да выканання сваіх службовых абавязкаў. Радуе той факт, што кожны з іх гэта асабіста ўсведамляе.
— Прынята лічыць, што прафесія выратавальніка выключна мужчынская. А ці так гэта на самой справе?
— Не пагаджуся з такім меркаваннем. Вось ужо на працягу пяці год бездакорна нясе службу ў нашым аддзеле дыспетчар цэнтральнага аператыўнага кіравання Анна Грэцкая. Жанчына сваёй працай заслужыла аўтарытэт і павагу ў нашым калектыве.
— Як нам вядома, напярэдадні вашага прафесійнага свята юбілейны дзень нараджэння адзначыў былы начальнік пажарнай часці Іван Рыгоравіч Малыш.
— Калектыў супрацоўнікаў РАНС заўсёды з павагай адносіцца да сваіх былых калег па службе. Вось і сёлета мы запрасілі Івана Рыгоравіча у часць, каб павіншаваць яго з гэтай адметнай датай у жыцці. Былы начальнік Шаркаўшчынскай пажарнай часці ўсё сваё працоўнае жыццё прысвяціў прафесіі пажарнага. Пасля заканчэння Ленінградскага пажарна-тэхнічнага вучылішча МУС СССР прайшоў кар’ерную лесвіцу ад інспектара да начальніка арганізацыі, за што і карыстаецца заслужанымі павагай і аўтарытэтам.
— Андрэй Мечыслававіч, якімі будуць вашы пажаданні калегам напярэдадні прафесійнага свята?
— Безумоўна, жадаю, каб у кожнага было трывалае здароўе, узаемаразуменне і дабрабыт у сем’ях. Хочацца таксама пажадаць тым, хто нясе службу, вытрымкі, а былым супрацоўнікам — нашым заслужаным ветэранам — бадзёрасці духу, аптымізму і доўгіх год жыцця!
Сяргей РАЙЧОНАК.