Чалавек года Віцебшчыны — дырэктар Шаркаўшчынскага філіяла “Віцебскаблпаліў” Міхаіл Фамянок

Актуальное

М. У. Фамянок з вадзіцелем Аляксандрам Дарашкевічам
М. У. Фамянок з вадзіцелем Аляксандрам Дарашкевічам

Як паведамлялася ў папярэдніх нумарах раённай газеты, 3 лютага ў абласным цэнтры прайшла ўрачыстая цырымонія ўшанавання лаўрэатаў ганаровага звання “Чалавек года Віцебшчыны-2016”. Сярод трох шаркаўчан, хто быў удастоены гэтай высокай узнагароды, — дырэктар Шаркаўшчынскага філіяла “Віцебскаблпаліў”, дэпутат Шаркаўшчынскага раённага Савета дэпутатаў Міхаіл Уладзіміравіч Фамянок.

У нашым раёне і за яго межамі Міхаіла Уладзіміравіча ведаюць як вопытнага спецыяліста і кіраўніка. На працягу многіх гадоў падначаленая яму арганізацыя па вытворчых паказчыках з’яўляецца адной з лепшых у вобласці. За мінулы год балансавы прыбытак да ўзроўню 2015 года склаў 103 працэнты. Выручка на аднаго працоўнага арганізацыі за 2016 год склала амаль 54 тысячы рублёў. І хоць у апошні час у раёне ўсё больш будынкаў газіфікуецца, тым не менш без цвёрдага паліва не абысціся. Бесперабойная і своечасовая дастаўка брыкету і дроў для патрэб насельніцтва — асноўная функцыя Шаркаўшчынскага філіяла “Віцебскаблпаліў”. За 2016 год рэалізавана 4.593 тоны брыкету і 5.359 кубічных метраў дроў.

Акрамя асноўнай працы Міхаіл Уладзіміравіч з’яўляецца дэпутатам раённага Савета дэпутатаў 25-га і 26-га скліканняў. Ён прымае самы непасрэдны ўдзел у вырашэнні сацыяльных пытанняў насельніцтва па свайму выбарчаму ўчастку. Заўсёды з разуменнем адносіцца да зваротаў грамадзян, за што і карыстаецца заслужанымі павагай і аўтарытэтам.

— На нашым прадпрыемстве працуюць 14 чалавек, — кажа Міхаіл Уладзіміравіч, — і кожны з іх добрасумленна выконвае свае абавязкі. Наогул, я лічу, што мы як адна сям’я, таму і работа арганізавана на належным узроўні, і вытворчыя паказчыкі растуць, і ўнутрыкалектыўны клімат у нас сяброўскі.

Міхаіл Уладзіміравіч узначальвае арганізацыю на працягу апошніх 19 год. Да гэтага ён працаваў на розных пасадах у сельскагаспадарчай галіне. Нарадзіўся і вырас у вёсцы Ляды, што на Жлобіншчыне. З выдатнымі адзнакамі закончыў Жыліцкі саўгас-тэхнікум. Пасля праходжання тэрміновай службы працаваў брыгадзірам трактарнай брыгады ў Светлагорскім раёне. Там жа маладога і перспектыўнага спецыяліста ў хуткім часе прызначылі спачатку на пасаду галоўнага інжынера калгаса “Знамя Камунізму”, а пасля кіраўніцтва Светлагорскага райкама КПБ даручыла яму ўзначаліць дадзеную гаспадарку. Паралельна, без адрыву ад вытворчасці, завочна набываў вышэйшую адукацыю ў Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі па спецыяльнасці “агранамія”.

Па пэўных жыццёвых абставінах у 1991 годзе Міхаілу Уладзіміравічу давялося змяніць месца жыхарства. Непрацяглы тэрмін ён працаваў начальнікам аддзела па перапрацоўцы прадукцыі раслінаводства райсельгасхарчу Лёзненскага раёна. А ў жніўні таго ж года быў накіраваны ў Шаркаўшчынскі раён і прызначаны на пасаду дырэктара саўгаса імя Маркава, на якой і адпрацаваў да 1998 года.

— На якой пасадзе не працаваў бы чалавек, заўсёды трэба дасканала выконваць даручаную справу, — прадаўжае наш суразмоўца. — Дасягнуць станоўчых вынікаў у рабоце, заслужыць аўтарытэт у калег і павагу ад кіраўніцтва можна толькі ўласным сумленнем, жаданнем унесці свой станоўчы ўклад у агульную справу на карысць калектыву, дзе працуеш. Менавіта такой пазіцыі прытрымліваюся я, і гэты мой пункт погляду цалкам раздзяляюць работнікі нашага прадпрыемства.

Я вельмі ўдзячны раённаму кіраўніцтву, якое вылучыла мяне сярод іншых шаркаўчан на лаўрэата ганаровага звання “Чалавек года Віцебшчыны-2016”. Прыемна было пад гучныя апладысменты, прысутнай у вялікай зале глядацкай аўдыторыі выйсці на сцэну і атрымаць з рук старшыні Віцебскага аблвыканкама Мікалая Мікалаевіча Шарстнёва гэту высокую ўзнагароду. Дадзенае мерапрыемства даказвае, што чалавек працы ніколі не застаецца па-за ўвагай дзяржавы. І толькі дзякуючы руплівай і самаадданай рабоце нашых людзей памнажаюцца працоўныя здабыткі раёна, вобласці і рэспублікі.

Сяргей РАЙЧОНАК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *