
Удзел у Чэмпіянаце Еўропы сярод юніёрак, безумоўна, пайшоў на карысць нашай лепшай маладой спартсменцы раёна, вучаніцы 11 класа Шаркаўшчынскай СШ № 1 Жанне Шошынай. Гэта яскрава бачна па рэзультатах яе ўдзелу ў Міжнародным турніры па таэквандо, які праходзіў у Францыі ў горадзе Парыж.
На жаль, пабываць на Эйфелевай башні і прагуляцца па самых цікавых месцах Парыжа ў Жанны не атрымалася, бо ў час паездкі на маршрутным аўтобусе да месца спаборніцтваў, якая доўжылася двое сутак, Жанна захварэла і ўвесь час знаходзілася пад пільнай увагай урача каманды. А ў якім стане знаходзіцца чалавек, які захварэў бранхітам, думаю, ведае кожны з нас.
Тое, што зрабіла Жанна, раўназначна подзвігу. Яна катэгарычна адмовілася знімацца са спаборніцтваў і літаральна вырывала адну перамогу за другой у час сваіх паядынкаў. Спачатку ў спартсменкі з Вялікабрытаніі, потым у францужанкі, нарвежкі і іспанкі. На гэтым этапе спаборніцтваў паміж схваткамі было хоць па паўгадзіны часу для перадышкі. А вось фінальны бой пачаўся адразу праз 10 хвілін пасля няпростага паядынку з іспанкай, у ім Жанна прыклала максімум намаганняў. Лік 15:3 на яе карысць гаворыць сам за сябе.
У фінале шаркаўчанцы ўжо проста не хапала паветра, усё было як у тумане. Але патрэбна ведаць характар Жанны, усё што магла — яна зрабіла і трымалася пры гэтым дастойна. Асабліва ўлічваючы тое, што яна адзіная з усёй каманды нацыянальнай зборнай Беларусі заваявала прызавое месца на гэтым турніры, узышла на сярэбраную прыступку п’едэстала ў юніёрскай вагавай катэгорыі да 55 кілаграмаў.
Гонар роднага краю наша спартсменка адстаяла. А да Егіпетскага першынства свету засталося тры месяцы. І неабходна зноў змагацца з недахопам часу і сіл для штодзённых трэніровак, ды і з фінансавымі праблемамі таксама. У гэтым плане абяцаў аказаць дапамогу наш старшыня райвыканкама. Будзем спадзявацца, што ў Жанны з’явіцца магчымасць трапіць яшчэ на некалькі міжнародных турніраў, такіх як у Францыі.
Толькі са значным спаборніцкім багажом можна разлічваць на новыя перамогі, іх мы і жадаем нашай цудоўнай шаркаўшчынскай спартсменцы.
І. ІВАНОЎ,
начальнік аддзела па справах моладзі райвыканкама

Да, Жанна — молодец. Есть кем гордиться в Шарковщине!