Навучальны год у групах таэквандо завяршыўся, і як падарунак перад канікуламі бацькі юных таэквандыстаў вырашылі завезці сваіх дзяцей на міжнародны турнір, які праводзіўся 2-4 чэрвеня ў Віцебску. Тым больш, што арганізатары гэтага форуму — упраўленне адукацыі, спорту і турызму Віцебскага аблвыканкама і абласная федэрацыя таэквандо стварылі льготныя ўмовы для нашых дзяцей, вызваліўшы іх ад выплаты стартавых узносаў за ўдзел у турніры. Спаборніцкай практыкі нашым дзецям не хапае, і грэх было б не скарыстацца такой магчымасцю. Трэба сказаць, што турнір атрымаўся вельмі прадстаўнічым, у ім прынялі ўдзел каля 350 спартсменаў, якія прадстаўлялі каманды Казахстана (Уральск), Расіі (Масква, Санкт-Пецярбург, Смаленск, Рослаў), Латвіі (Рыга, Даўгаўпілс), Беларусі (Мінск, Мінская вобласць , Віцебск, Брэст, Магілёў, Полацк і іншыя).
На адкрыцці спаборніцтваў ўсім асабліва запомніліся каларытныя паказальныя выступленні юных таэквандыстаў ў нацыянальных касцюмах з Казахстана.
Затым першымі ўключыліся ў барацьбу хлопчыкі і дзяўчынкі 2008-2009 гадоў нараджэння. Вядома ж, яны вельмі хваляваліся. Бо для той жа Яны Сініца гэта былі першыя выязныя спаборніцтвы за межамі Шаркаўшчыны. Але побач з Янай знаходзіліся мама і тата. Гэта надавала сіл, і нават праз слёзы хвалявання ў фінальным паядынку са смаленскай спартсменкай Яна, дэманструючы добрую тэхніку і вялікае жаданне перамагчы, змагла выйграць з лікам 30 — 17. І тут ужо пасыпаліся іншыя слёзы, прычым не толькі ў Яны, але і ў мамы. Але гэта ўжо былі эмоцыі радасці ад упершыню ў жыцці заваяванага залатога медаля на міжнародным форуме.
Падтрымаў Яну на чэмпіёнскім п’едэстале і Станіслаў Манулік, які выступаў на першым сваім выязным турніры ў вагавой катэгорыі да 44 кілаграм. Першы паядынак ён выцягнуў «на зубах», на валявых байцоўскіх якасцях, бо вельмі моцны быў супернік. А затым, адчуўшы смак перамогі і трохі супакоіўшыся, ужо больш упэўнена “выкоўваў” сабе першае месца, хоць побач і не было мамы з татам, бо Стасік лічыць сябе ўжо сапраўдным мужчынкам.
Ва ўзроставай групе хлопчыкаў і дзяўчынак 2006 — 2007 гадоў нараджэння шаркаўчане таксама вялі ўпартую барацьбу. Асабліва відовішчны бой правёў Алег Рачыцкі (33 кг.). Па жараб’ёўцы ў сапернікі яму трапіўся неаднаразовы пераможца аналагічных турніраў. Алег супрацьпаставіў яму хуткасную манеру бою, выкарыстаў разнастайныя тэхнічныя прыёмы і па гэтых паказчыках выйграваў. Але, не маючы практыкі паядынкаў на спаборніцкім дадзянге, часта выходзіў за яго межы і атрымліваў штрафныя балы, што і спыніла яго за крок ад вікторыі. Хоць назіраць за тым як праводзіў паядынак Алег было сапраўднае задавальненне.
Юлія Кожан, якая выступала ў вазе да 40 кг. даказала, што валявыя якасці ўласцівыя не толькі хлопцам. У пачатку сваёй першай сустрэчы Юля прапусціла каварны кругавы ўдар сабе пад вока ад тытулаванай расійскай спартсменкі. Можа, хтосьці і здаўся б, але не наша спартсменка, якая адказала тым жа. У канцы паядынку лік быў 14-14. І літаральна на апошніх секундах шаркаўчанка ўсё ж такі правяла свой каронны двайны кругавы па шлему і выйшла ў наступны круг. Тут ёй супрацьстаяла рыжанка. Юля дзякуючы сваёй «каронцы» была ў лідэрах амаль да канца сустрэчы. Але зноў недахоп спаборніцкай практыкі і як вынік штрафныя балы прывялі да таго, што Юля спынілася на бронзавай прыступцы п’едэстала.
Трохі больш пашанцавала Дашы Рагачэўскай (33 кг). У яе другое месца ў гэтай вагавой катэгорыі. У хлопчыкаў за трэцюю прыступку п’едэстала зачапіўся Ілля Алянцэвіч (вага да 52 кг).
Вельмі відовішчнымі былі паядынкі ў нашых старэйшых хлопцаў, якія выступалі ў групе кадэтаў 2003 — 2005 года нараджэння. Пасля гадавога перапынку ў занятках пачаў падбірацца да піку формы Жэня Рагачэўскі. У папярэдніх паядынках у вазе да 57 кг ён атрымаў шэраг перамог і таксама вярнуўся дадому з бронзавым медалём. Трэцяе месца заваяваў і Аляксей Яцына (41 кг)
Вядома, асаблівыя надзеі мы ўскладалі на выступленне нашага чэмпіёна Беларусі Івана Хвяцковіча. І ён апраўдаў чаканні. Усе свае паядынкі вагавой катэгорыі 57-61 кг Ваня выйграў з відавочнай перавагай, яшчэ раз даказаўшы, што не выпадкова ў Беларусі прайшоў адбор на сусветнае першынство сярод кадэтаў, якое пройдзе у горадзе Шарм-эш-Шэйху (Егіпет) у жніўні і на еўрапейскі чэмпіянат кадэтаў у пачатку кастрычніка ў Венгрыі. На жаль, для ўдзелу шаркаўчаніна ў гэтых форумах нам прапанавалі шукаць спонсараў самастойна.
Ну што ж, як кажуць, надзея памірае апошняй, будзем спадзявацца, што нам пашанцуе адшукаць спонсараў для нашага таленавітага таэквандыста. А напрыканцы мы хочам падзякаваць бацькоўскаму камітэту пярвічнай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Беларуская федэрацыя таэквандо» Шаркаўшчынскага раёна за актыўную жыццёвую пазіцыю і аказанае садзейнічанне па ўдзеле нашых юных таэквандыстаў у такім прадстаўнічым міжнародным турніры.
І. ІВАНОЎ,
трэнер-выкладчык па спорту, уладальнік чорнага пояса 3 дана.









