Менавіта сакавік, пачатак вясны асацыіруецца ў нас з цяплом, велічнай прыгажосцю, абнаўленнем душы і шчырых пачуццяў. І зусім невыпадкова першае свята вясны, па словах паэтаў, звязана з самым прыгожым, што ёсць на свеце — з Жанчынай. Яе цёплыя рукі, шчодрасць і мяккасць душы дапамагаюць адвесці бяду, развеяць смутак, зрабіць свет дабрэйшым і яшчэ больш чароўным. Прыгажосць шаркаўшчынскага краю дапаўняецца пяшчотнай і загадкавай прыгажосцю жанчын, якія тут жывуць і працуюць.
У іх ліку — Анжэла Вайцехаўна Русачонак — інспектар па асноўнай дзейнасці аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму ТЦСАН, якая працуе на гэтай пасадзе на працягу апошніх 12 гадоў. У арганізацыі жанчына ажыццяўляе метадычнае кіраўніцтва і кантроль за дзейнасцю сацыяльных работнікаў, афармляе неабходную дакументацыю, праводзіць кансультацыі для жыхароў нашага раёна па розных сацыяльных пытаннях. Па словах калег Анжэлы, свае абавязкі яна выконвае добрасумленна і пры гэтым заўсёды застаецца ўважлівай і добразычлівай у адносінах да тых, хто звяртаецца да яе па дапамогу і кансультацыяй у вырашэнні многіх спорных пытанняў.
Анжэла — карэнная шаркаўчанка, разам з мужам яна выхоўвае дачушку Вікторыю, якая зараз вучыцца ў 2-м класе Шаркаўшчынскай сярэдняй школы № 1 і радуе сваімі поспехамі бацькоў і ўсіх родных. Дзяўчынка наведвае музычную школу, займаецца харэаграфіяй і ўсходнімі танцамі. А яе маці, як і многія шаркаўчанкі, вельмі любіць пакаёвыя кветкі, вырошчвае іх дома, а свой вольны час прысвячае сям’і, клапоціцца пра родных людзей. Вельмі любіць адпачываць на прыродзе з ўсёй сям’ёй.
Напярэдадні галоўнага вясновага свята Анжэла Русачонак павіншавала жанчын з 8 Сакавіка і пажадала ім усяго, што напаўняе іх жыццё шчасцем: узаемнага кахання, дружнай сям’і, вернага сяброўства, здароўя, міру і дабрабыту. Няхай вясна прыносіць з сабой новыя радасці і выдатны настрой, а ў сакавіку збудуцца ўсё вашы мары!
Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ
