
Мінулагодняя і сёлетняя вясна не дае на поўную моц распачаць палявыя работы вясковым сейбітам. Акрамя таго, што на палях стаіць вада і тэхніка з-за пераўвільготненай глебы не можа рухацца па ёй, 10 мая ішлі ападкі ў выглядзе снегу. Аналагічнае надвор’е, па ўспамінах былых працаўнікоў гаспадарак, было ў 1975 годзе. Тады на дапамогу ў Шаркаўшчынскі раён было перагнана дзясяткі адзінак тэхнікі з паўднёвых рэгіёнаў Беларусі. Напрыклад, у былы калгас “Іскра” на платформах грузавых машын прыбыло ажно 60 трактароў з прычапным інвентаром. Пасяўная кампанія ў той год пачалася толькі 17 мая.
Сёлета гаспадаркі, нягледзячы на дрэннае надвор’е, стараюцца выкарыстаць рэдкія пагодныя дні, каб правесці пасяўныя работы. Напрыклад, у ААТ “Даватарскі” запланавана пасеяць зерневыя і зернебабовыя культуры на плошчы 1269 га. Па стане на 11 мая засеяна 471 гектар. Тэмпы пасяўной, як і ў іншых сельгаспрадпрыемствах, стрымлівае дрэннае надвор’е. Але і спецыялісты, і механізатары ўпэўненыя, што хутка наступяць пагодныя дні, калі можна будзе на поўную моц распачаць сяўбу яравых культур.
Сяргей РАЙЧОНАК.
