Па стане на 15 мая насенне загорнута ў глебу на плошчы 380 га. Дрэннае надвор’е не дазваляе распачаць работы шырокім фронтам і перашкаджае вясковым сейбітам.
Каля вёскі Александрова сяўбу ячменю 11 мая вёў на МТЗ-3022 ў счэпе з пасяўным агрэгатам АПП-6 А механізатар Канстанцін Руткоўскі. Калі ён прыпыніўся пад чарговую загрузку насеннем, у нас была магчымасць пагутарыць з ім.
— На гэтым полі сеем ячмень, — кажа механізатар. — Пачалі сяўбу ўчора разам з напарнікам Аляксандрам Кірэем. Ён працуе ў счэпе з трохметровай сеялкай “Лемкен”. Сёння Аляксандр пасля ўчарашняй паломкі знаходзіцца на рамонце ў мехмайстэрнях, таму сяўбу працягваю адзін. Стараюся выкарыстаць пагоднае надвор’е і засеяць найбольшую плошу. У дзень атрымоўваецца загарнуць у глебу насенне на плошчы ў 25-30 га. Галоўнае, каб тэхніка працавала без збояў.
Побач, на ўскрайку поля, стаяў МТЗ-82 з загрузчыкам. Своечасовую дастаўку насення на ім ажыццяўляе Арцём Міхалевіч. У дзень трэба прывесці са складоў 3-4 бункеры зерня, каб без прастояў аператыўна заправіць пасяўны агрэгат. Канстанцін Руткоўскі аптымістычна настроены на правядзенне пасяўной.
— Ведаеце, — кажа нам механізатар, — працуем з самай раніцы і да позняга вечара, бо ўсведамляем, што менавіта ад нас, механізатараў, ад нашых сумленных адносінаў да даручанай справы, залежаць якасць праведзеных пасяўных работ і колькасць сабранага ўраджаю восенню. Таму і працуем з высокай адказнасцю.
Сяргей РАЙЧОНАК.