У свеце налічваецца каля 40 тысяч розных прафесій, і сучаснаму школьніку, безумоўна, няпроста зрабіць правільны выбар, знайсці для сябе такую спецыяльнасць, якая зможа задавальняць як з маральнага, так і з матэрыяльнага пункту гледжання, і адначасова будзе запатрабаванай на рынку працы. Каб дапамагчы дзецям прыняць правільнае рашэнне, у школах раёна рэгулярна праводзяцца мерапрыемствы па прафарыентацыі.
Вось і на працягу апошніх двух месяцаў прадстаўнікі навучальных устаноў сельскагаспадарчага профілю наведвалі сярэднія школы раёна, каб пазнаёміць юнакоў і дзяўчат з умовамі паступлення на дзённую і завочную форму навучання, расказаць пра тыя спецыяльнасці, якія зараз карыстаюцца найбольшым попытам на рынку працы. У ходзе шматлікіх сустрэч, ініцыятарам правядзення якіх выступіла упраўленне сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, дзеці атрымалі даволі падрабязную інфармацыю пра дзейнасць Беларускай дзяржаўнай ордэнаў Кастрычніцкай рэвалюцыі і Працоўнага Чырвонага Сцяга сельскагаспадарчай акадэміі (г. Горкі), Лепельскага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа, Смальянскага дзяржаўнага аграрнага каледжа, Полацкага дзяржаўнага аграрна-эканамічнага каледжа і Полацкага дзяржаўнага прафесіянальнага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці (г. п. Ветрына), а таксама Глыбоцкага дзяржаўнага прафесіянальнага ліцэя. Менавіта гэтыя навучальныя установы займаюцца падрыхтоўкай спецыялістаў, недахоп якіх асабліва адчуваецца ў сельскай мясцовасці. Так, напрыклад, абітурыентам, якія плануюць набыць вышэйшую адукацыю, Беларуская сельскагаспадарчая акадэмія прапануе вучобу па спецыяльнасцях: агранамія, заатэхнія, тэхнічнае забеспячэнне працэсаў сельскагаспадарчай вытворчасці, бухгалтарскі улік, аналіз і аудыт, эканоміка і кіраванне на прадпрыемстве.
Прыемнай нечаканасцю для 20 прадстаўнікоў сельскіх школ раёна стала прафарыентацыйная экскурсія ў Пастаўскі дзяржаўны прафесіянальны-тэхнічны каледж сельскагаспадарчай вытворчасці, якая адбылася дзякуючы фінансавай падтрымцы ААТ “Жвіранка”. У каледжы займаюцца падрыхтоўкай будучых слесараў па рамонту сельскагаспадарчых машын і абсталявання, вадзіцеляў аўтамабіля катэгорыі С, трактарыстаў-машыністаў катэгорый А, Б, В, Г, Д, муляраў, іншых спецыялістаў. Пасля заканчэння установы навучэнцы набываюць прафесіянальна-тэхнічную ці сярэдне-спецыяльную адукацыю.
У час паездкі школьнікі пабывалі на экскурсіі ў навучальнай установе, наведалі Дом культуры каледжа, паглядзелі канцэрт. У дзень прыезду шаркаўчан праходзіла свята электраманцёраў і электрагазазваршчыкаў. Мерапрыемствы, прысвечаныя розным прафесіям, па традыцыі кожны месяц праводзяцца ў сценах каледжа. Дзякуючы такім формам работы прадстаўнікі маладога пакалення ў цікавай, забаўляльнай форме знаёмяцца з асаблівасцямі сваёй будучай спецыялізацыі.
Вольга СТАШЭЎСКАЯ
