
Гэта неад’емнае патрабаванне да кожнага работніка, які абраў службу ў органах пракуратуры, прысвяціў сваё жыццё захаванню законнасці. Для забеспячэння ўскладзеных на пракуратуру задач па ўмацаванні правапарадку дзяржава надзяліла пракурораў шырокімі правамі і паўнамоцтвамі. Таму і высокія патрабаванні да прадстаўнікоў гэтай прафесіі — на службу ў органы пракуратуры прымаюцца толькі грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якія маюць вышэйшую юрыдычную адукацыю, валодаюць неабходнымі прафесійнымі і маральнымі якасцямі.
Гэта ў поўнай меры адносіцца і да невялікага калектыву работнікаў пракуратуры Шаркаўшчынскага раёна, які на працягу шасці гадоў узначальвае Андрэй Барысавіч Вецюгоў. Разам з ім працуе больш дзесяці гадоў на пасадзе памочніка пракурора Аляксандр Паўлавіч Свяцкі. Ён выконвае абавязкі па кантролі за выкананнем мытнага, зямельнага, прыродаахоўнага, падатковага заканадаўства, а таксама аб непаўналетніх і моладзі. Больш трыццаці гадоў працуе ў пракуратуры загадчыцай канцылярыі Вера Генадзьеўна Рабіза. Дзякуючы яе вопыту і добрасумленным адносінам да працы, наладжана сістэма справаводства ў арганізацыі. У пачатку чэрвеня сёлетняга года намеснікам пракурора пачаў працаваць Міхаіл Алегавіч Кучэрын. Малады спецыяліст, за плячамі якога два гады службы ў пракуратуры Глыбоцкага раёна, у новым калектыве знайшоў падтрымку і дапамогу сваіх старэйшых калег. Дарэчы, Міхаіл Алегавіч змяніў на гэтай пасадзе “Заслужанага работніка пракуратуры Рэспублікі Беларусь” Лену Казіміраўну Драгель.
Ужо не першы год пракуратура Шаркаўшчынскага раёна па сваіх паказчыках знаходзіцца ў ліку лепшых у Віцебскай вобласці. Пра некаторыя вынікі працы за пяць месяцаў гэтага года нам паведаміў пракурор Андрэй Барысавіч Вецюгоў:
— За гэты час адзначаецца ўстойлівая карціна па зніжэнні злачыннасці ў нашым раёне, — тлумачыць пракурор. — У параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года зарэгістравана на 27% менш злачынстваў па лініі крымінальнага вышуку. Забойстваў не зарэгістравана ўвогуле. Павялічылася рэзультатыўнасць работы праваахоўных органаў па выяўленні злачынстваў карупцыйнай накіраванасці і па лініі барацьбы з эканамічнымі злачынствамі. Усяго іх зарэстравана с пачатку года 11. Значна зменшылася колькасць крадзяжоў. У 2016 годзе іх было ўчынена 27, а сёлета 17. Па лініі крымінальнага вышуку раскрывальнасць злачынстваў складае 82%, а гэта адзін з лепшых паказчыкаў у вобласці. Ва ўсіх гэтых выпадках прысутнічае фактар непазбежнасці пакарання, таму і колькасць злачынстваў з кожным годам змяншаецца.
Напярэдадні прафесійнага свята — Дня работнікаў пракуратуры — жадаю сваім калегам, ветэранам і тым, хто звязаў сваё жыццё са службай у органах пракуратуры нашай краіны, здароўя, поспеху ва ўсіх пачынаннях, здзяйснення самых запаветных мар і жаданняў.
Сяргей РАЙЧОНАК.