Жывёлагадоўля, у прыватнасці малочная вытворчасць, гэта асноўная рэнтабельная галіна ў сельскай гаспадарцы, асноўная крыніца даходаў, якая толькі пры правільным захоўванні ўсіх тэхналагічных патрабаванняў, можа папаўняць грашовы прыбытак гаспадаркі. Недабор прадукцыі атрымліваецца ў абмежаваным генетычным патэнцыяле жывёлы. На гэта ёсць шэраг прычын.
Каб мець добры, здаровы прыплод жывёлы, трэба максімальна захаваць толькі ацяліўшыхся кароў і пяршачак, паспяхова іх асемяняць у аптымальныя фізіялагічныя тэрміны. Павялічыўшы працягласць гаспадарчага выкарыстання каровы, можна мець высокую эканамічную эфектыўнасць вытворчасці малака.
Вялікую ролю ў гэтых пытаннях адыгрывае работа асемянатара. Была магчымасць сустрэцца і пагутарыць з асемянатарам ААТ “Жвіранка” аддзялення Вішнявец Ірынай Уладзіміраўнай Туронак.
Ірына Уладзіміраўна пасля заканчэння школы не стала выбіраць сабе лёгкага шляху ў далейшым жыцці, а пайшла працаваць на жывёлагадоўчую ферму. Два гады яна даглядала цялятак. Аднойчы кіраўнік гаспадаркі прапанаваў ёй паехаць на курсы асемянатараў. Згадзілася. З таго часу прайшло восем гадоў, як І. У. Туронак працуе па набытай спецыяльнасці. Яе работа ацэньваецца па выхаду цялят на 100 кароў. За мінулы год выхад склаў 88 цялятак. Гэта адзін з лепшых паказчыкаў у раёне. У абслугоўванні спецыяліста для штучнага асемянення 242 каровы і 210 цялушак, а таксама каровы, якія ўтрымліваюцца на ўласным падворку вяскоўцаў.
Кацярына СОСНА
