
Эфектыўную работу чыгуначнікаў на станцыі Шаркаўшчызна забяспечваюць некалькі асобных службаў. Сярод іх — работнікі Варапаеўскай дыстанцыі пуці, якія нясуць адказнасць за спраўны стан чыгуначнага палатна. У адзін з ліпеньскіх дзён зборная брыгада манцёраў праводзіла рамонтныя работы на пешаходным пераходзе чыгункі — здымала насціл пешаходнага перахода, каб з дапамогай спецыяльнай тэхнікі выправіць пуць.
Выконваючы абавязкі майстра Андрэй Матусевіч адзначыў, што кожны месяц, як з дапамогай тэхнікі, так і ўручную, брыгада ажыццяўляе ўсе неабходныя віды работ па цякучым утрыманні пуці, праводзіць замену шпалаў, стрэлачных брусоў. Людзі працуюць якасна і сумленна.
А ўвогуле, манцёр пуці — адна з самых масавых прафесій на чыгунцы. Яна патрабуе ад чалавека фізічных сіл, вытрымкі, пэўных навыкаў і ведаў, каб надзейна рамантаваць чыгуначныя пуці. У тым, што работа гэта складаная, шаркаўчане маглі пераканацца не аднойчы. Летам — пад пякучым сонцам і дажджом, зімой — у снег і марозы, у любое надвор’е работнікі Варапаеўскай дыстанцыі пуці на давераных ім аб’ектах забяспечваюць спраўны стан чыгуначнага палатна. І ў вялікай ступені дзякуючы працы гэтых людзей чыгуначны транспарт па статыстыцы лічыцца самым бяспечным відам наземнага транспарту.
Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ.
