31 ліпеня свой 90-гадовы юбілей адзначае Валянцін Ігнацьевіч Манкевіч

Актуальное

782Юбілей — гэта не проста дзень нараджэння, а, напэўна, своеасаблівая  мяжа паміж пражытымі этапамі жыцця. Вялікую павагу выклікаюць людзі, якія дажылі да 90-гадовага юбілею, бо пераадолець такі жыццёвы рубеж даводзіцца далёка не ўсім.

31 ліпеня свой 90-гадовы юбілей адзначае Валянцін Ігнацьевіч Манкевіч. На працягу апошніх 27 гадоў мужчына разам са сваёй сям’ёй жыве ў Шаркаўшчыне. Большая ж частка жыцця прайшла ў вёсцы Гізаўшчына (Іёдскі сельскі савет), у якой будучы юбіляр і нарадзіўся. Калі хлопчыку было яшчэ толькі 4 гады, памерла маці. Сям’я, у якой, акрамя Валянціна, выхоўвалася яшчэ трое дзяцей, жыла бедна, як і многія вясковыя жыхары ў той няпросты час. Валянцін закончыў тры класы польскай школы, у якой навучыўся чытаць і пісаць не толькі на польскай, але і на рускай мовах. У 4-ы клас пайшоў пры савецкай уладзе, а калі вучыўся ў 5-м — тэрыторыя нашага раёна ўжо была пад акупацыяй немцаў. Каб фашысты не затрымліваліся ў вёсцы, партызаны спалілі мясцовую школу, і ўжо ў 6-ы клас, каб працягваць вучобу далей, хлопчыку трэба было ездзіць у Глыбокае. Але ў сям’і ў той час не было сродкаў адправіць дзяцей вучыцца ў суседні горад, і на гэтым для Валянціна вучоба закончылася. Напачатку 1945 года хлопца забралі ў армію. Служба праходзіла на тэрыторыі Расіі, у Валагодскай вобласці. Разам са сваімі саслужыўцамі Валянцін Ігнацьевіч і сустрэў доўгачаканы дзень Перамогі. Пасля завяршэння службы вярнуўся дадому, пачаў шукаць работу. Уладкаваўся на машынна- трактарную станцыю (МТС), з адзнакай закончыў курсы перападрыхтоўкі, працаваў на розных трактарах у калгасах “Камінтэрн” і “Камсамолец”. Трактарыстам Валянцін Ігнацьевіч адпрацаваў да 1970 года. А калі здароўе стала падводзіць, урачы забаранілі займацца гэтай працай. Пасля работы ў сельскай гаспадарцы пайшоў працаваць паштальёнам. Адначасова з’яўляўся селькорам раённай газеты “Кліч Радзімы”. Артыкулы Валянціна Ігнацьевіча друкаваліся не толькі ў раёнцы, але і ў некаторых рэспубліканскіх выданнях (“Звязда”, “Советская Белоруссия” і іншых). Вялікім захапленнем на ўсё жыццё для мужчыны стала садаводства. Яшчэ ў Гізаўшчыне пачаў вырошчваць розныя віды вінаграда, кветкі, клубніцы, суніцы. І сёння, ужо ў такім паважаным узросце, Валянціна Ігнацьевіча можна ўбачыць на прысядзібным участку, дзе ў яго сапраўдная экзотыка. Галоўнае, каб здароўе не падводзіла.

З жонкай Феўроніяй Мікалаеўнай, сваёй вернай спадарожніцай жыцця, Валянцін Ігнацьевіч у мінулым годзе адзначыў “брыльянтавае” вяселле — 60 год сумеснага жыцця. Муж і жонка выхавалі двух дзяцей, у іх трое ўжо дарослых унукаў і пакуль яшчэ адзін  5-гадовы праўнук Дзіма. Сын Валянціна Ігнацьевіча Мікалай Валянцінавіч Манкевіч з’яўляецца намеснікам галоўнага ўрача Шаркаўшчынскай цэнтральнай раённай бальніцы, дачка Раіса Валянцінаўна Ліпская — медыцынская сястра рэанімацыйнага аддзялення нашай раённай бальніцы.
— Валянцін Ігнацьевіч і Феўронія Мікалаеўна — шчырыя працавітыя людзі, якія дастойна пражылі сваё няпростае жыццё, выхавалі дзяцей, унукаў і ўжо шэсць дзясяткаў гадоў разам. З асаблівым захапленнем  для сваёй сям’і Валянцін Ігнацьевіч заўсёды клапаціўся пра свой сад, у якім квітнелі надзвычай прыгожыя кветкі, выспявалі ягады, розныя сарты вінаграду. І гэта ў самым халодным краі Беларусі — Віцебскай вобласці! У юбіляра і сёння можна многаму навучыцца, — кажа нявестка Валянціна Ігнацьевіча Святлана Анатольеўна Манкевіч.

Усе родныя шчыра віншуюць Валянціна Ігнацьевіча з 90-гадовым юбілеем і жадаюць яму ўсяго самага найлепшага — асабліва шчасця, моцнага здароўя, бадзёрасці і невычарпальнай жыццёвай энергіі.

Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *