
Ужо не першы год аграрыяў нашага раёна выпрабоўваюць складаныя ўмовы надвор’я. Леташні сезон, калі ў чэрвені стаяла засуха, а з надыходам жніва пачаліся моцныя дажджы, праверыў на вытрымку працаўнікоў сяла. І хоць ураджай зерневых быў сабраны не вельмі вялікі, сельгаспрадпрыемствы паспелі закласці трывалую кармавую базу для зімовага ўтрымання буйной рагатай жывёлы, своечасова пасеяць азімыя зерневыя культуры. Сёлетняй вясной спецыялісты і работнікі сельгаспрадпрыемстваў у літаральным сэнсе адваёўвалі кожны пагодны дзень, каб загарнуць у глебу насенне яравых. Цяпер прыкладна на дзесяць дзён затрымліваецца пачатак жніва. І зноў віной таму з’яўляецца дрэннае надвор’е.
Тым не менш, нягледзячы на гэту акалічнасць, гаспадаркі вядуць узорванне глебы пад сяўбу азімых культур. Па агранамічных нормах іх сяўба павінна пачацца ўжо з 10 жніўня.
На ўзорванні глебы ў КУВСП “Гарадзец” задзейнічаны чатыры адзінкі тэхнікі, на якіх працуюць Расціслаў Жынгель, Юрый Урублеўскі, Юрый Леановіч і Андрэй Дзянісаў. Мы наведалі гаспадарку 1 жніўня, калі механізатар Расціслаў Жынгель на сваім трактары МТЗ-82 узорваў глебу на пашы, дзе раслі шматгадовыя травы, ва ўрочышчы Параб’е.
— На ўзорванні я працую пяты дзень, — кажа механізатар. — На дадзеным полі трактар з плугамі ідзе цяжкавата, таму што вясной і летам тут пасвіўся статак буйной рагатай жывёлы. Глеба аказалася вельмі зацвярдзелай. Тэхніка не падводзіць, бо пільна сачу за яе спраўнасцю. Прастоі, на вялікі жаль, адбываюцца толькі з-за адсутнасці паліва. Вось і сёння стаіць цёплае і сухое надвор’е, а бакі трактара амаль пустыя.
У час нашай размовы на поле прыехаў бензавоз сельгаспрадпрыемства. Расціслаў заліў у бак свайго МТЗ-82 некалькі дзясяткаў літраў дызельнага паліва і без прамаруджвання пачаў весці ворыва. Толькі для такога трактара, на якім працуе Расціслаў Жынгель, на светлавы дзень патрабуецца каля ста літраў паліва, не кажучы пра энерганасычаныя МТЗ-1221 і МТЗ-3022, расход саляркі ў якіх значна большы.
Сёлета ўсе гаспадаркі раёна маюць вялікія цяжкасці з набыццём гаручазмазачных матэрыялаў. А наперадзе яшчэ пачатак жніва, сяўба азімых культур і іншыя віды сельгасработ, якія трэба правесці ў аптымальныя тэрміны, каб закласці аснову будучаму ўраджаю. Таму кіраўніцтва сельгаспрадпрыемстваў робиць усе магчымыя захады, каб мець патрэбную колькасць паліва і запасных частак для тэхнікі.
Сяргей РАЙЧОНАК.
