Працаўнікі сяла. Юрый Андрэйчык — загадчык даільнай залы №2 малочна-таварнай фермы ААТ «Жвіранка»

Сельское хозяйство

Як вядома, у нашым раёне дзейнічае па новай тэхналогіі з даільнымі заламі № 1 і № 2 малочна-таварная ферма ААТ “Жвіранка”. Загадчыкам даільнай залы № 2 працуе Юрый Генадзьевіч Андрэйчык. Ён закончыў Віцебскую акадэмію ветэрынарнай медыцыны. Практыку праходзіў на Гродзеншчыне, пэўны час працаваў на Браслаўшчыне. Цяпер на пастаяннае месца жыхарства прыехаў у Більдзюгі. Спачатку працаваў ветурачом. Кампетэнтны ва ўсіх пытаннях, цікавы субяседнік падзяліўся паўсядзённымі справамі на малочна-таварнай ферме.
У дадзенай даільнай зале ўтрымліваюцца 800 кароў, пазменна працуюць 4 даяркі, ёсць цэх раздою, замацаваны за адной даяркай, свае абавязкі выконваюць даглядчыкі і слесары-наладчыкі.
Па выніках работы за мінулы год валавы надой склаў 2816,8 тоны малака, што адпавядае 38,6 працэнта да агульнага надою па гаспадарцы. Гэтыя паказчыкі лепшыя, чым былі ў папярэднім годзе. А вось надой малака на карову атрыманы меншы і склаў 3913 кілаграмаў. А значыць і продаж прадукцыі дзяржаве зменшыўся. Выйгрыш атрымаўся ў тым, што практычна ўсё (95,5 працэнта) рэалізаванае малако адпавядала гатунку “экстра”. Сабекошт 1 тоны — 1023 тысячы рублёў. Выручка ад рэалізацыі прадукцыі 3475 мільёнаў рублёў або 152,6 працэнта да папярэдняга года. Сярэдняя рэалізацыйная цана — 1619 тысяч рублёў. І прыбытак ад рэалізацыі дасягнуў 1279 мільёнаў рублёў, што адпавядае 384,1 працэнта да такога ж перыяду папярэдняга года. Рэнтабельнасць малака — 58,3 працэнта. Гэта лічба значна большая, чым была на такі ж час годам раней.
Галоўнае для жывёлы — кармы. Рацыёны складаюцца ў адпаведнасці з фактычнай пажыўнасцю кармоў і прадукцыйнасцю жывёлы. Выдаткоўваюцца сакавітыя і канцэнтрыраваныя кармы.
“Так не бывае ў нашай вытворчасці, — прызнаецца суразмоўца, — каб ішло ўсё гладка. Здараюцца паломкі ў абсталяванні, часцей у скрэпернай сістэме. Жывёлу даводзіцца лячыць мне, як ветурачу.”
Ставіцца задача перад жывёлаводамі на гэты год — павялічыць валавыя надоі малака. Першыя месяцы новага года паказваюць, што ёсць зрухі ў лепшы бок. Асабліва яны будуць відавочнымі, калі з’явяцца сакавітыя кармы. Пачнуцца масавыя ацёлы ў канцы лютага і ў сакавіку.
Пажадана, як сказаў Юрый Генадзьевіч, каб кожны працуючы дакладна ведаў свае абавязкі і іх выконваў. Тады можна спадзявацца на поспех.
Кацярына СОСНА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *