Звыклым, адпрацаваным да аўтаматызма рухам, Марына Аляксандраўна Фёдарава адчыніла дзверы ў класны пакой, павіталася з вучнямі, агучыла тэму чарговага ўрока па біялогіі. Хлопчыкі і дзяўчынкі ўважліва слухалі сваю настаўніцу, адказвалі на пытанні, смела ўвязваліся ў дыялог па даволі спрэчнаму пытанню. Здаецца, усё проста. Але за гэтай прастатой — давер, любоў і інтарэс да любімага прадмета і, безумоўна, глыбокая павага да настаўніка, які ўмее дайсці да кожнага, цікава і даходліва растлумачыць, строга спытаць, пахваліць у хвіліны нейкага расчаравання, падбадзёрыць.
Дзеці ў захапленні ад свайго настаўніка, бо бачаць у ёй не толькі высокакваліфікаванага спецыяліста, але і чалавека, які здольны зацікавіць правядзеннем і асабістым удзелам у розных мерапрыемствах. І на ўсё Марыне Аляксандраўне хапае часу. Маці двух дзяцей, кіраўнік экалагічна-краязнаўчага гуртка Германавіцкай СШ, актыўны ўдзельнік грамадскага аб’яднання “Ахова птушак бацькаўшчыны”, арганізатар паходаў па родных мясцінах, спартсменка. Без яе ўдзелу і каманда мясцовай гаспадаркі ААТ “Княж” не каманда. Напрыклад, на зімовым свяце “Шаркаўшчынская лыжня-2012” паспела ў эстафеце заняць першае месца, а ў спартыўнай зале СШ № 1 у Марыны Аляксандраўны, нягледзячы на праведзеную гонку, “не дрогнула рука” у спаборніцтвах па дартсу (на здымку). Заняла ў камандным заліку трэцяе месца. Вось такая яна, прыгожая жанчына, нястомная працаўніца, актывістка, спартсменка, клапатлівая маці. Дзякуй вам, Марына Аляксандраўна, за такую актыўную жыццёвую пазіцыю і са святам!
Эдуард КОРСАК.
Марина — очень обаятельна. Жаль, что фото это не отражает. Можно было выбрать другое место или просто другое мероприятие. К 8 марта любая женщина достойна лучшего, ну а уж Марина тем более. Таких, как она, надо ценить. Спасибо, что вообще о ней написали: кратко, но точно.