Сумесную дабрачынную акцыю «Нашы дзеці» напярэдадні Раства правялі прадстаўнікі Шаркаўшчынскай раённай арганізацыі “Беларускі фонд міру”, камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама, раённай арганізацыі “Белая Русь” разам з добраахвотнымі дружынамі раёна. У межах акцыі дзве шматдзетныя сям’і з Шаркаўшчынскага раёна атрымалі падаруначныя сертыфікаты на набыццё тавараў ў аддзяленнях паштовай сувязі “Белпошта”. З навагоднімі святамі і Раством бацькоў і іх дзяцей павіншавалі Іна Мар’янаўна Шынкевіч і Марыя Пратасьеўна Фёдарава, якія на тэрыторыі раёна ўзначальваюць арганізацыі “Беларускі фонд міру” і “Белая Русь”, і ўчастковы інспектар міліцыі Шаркаўшчынскага РАУС Андрэй Мікалаевіч Усцінаў. Падаруначныя сертыфікаты ад “Беларускага фонду міру” яны ўручылі сям’і Гуйда з Шаркаўшчыны і сям’і Дарашчонкаў з аграгарадка Пялікі. Алена Леанідаўна Гуйда – маці чатырох дзяцей. Старэйшая дачка Сняжана ўжо студэнтка, трое малодшых дзяцей: Кірыл, Валерыя і Паліна яшчэ школьнікі, вучацца ў Шаркаўшчынскай сярэдняй школе № 2. У сям’і Святланы Аркадзьеўны і Мікалая Мікалаевіча Дарашчонкаў выхоўваюцца трое дзяцей, у тым ліку і хлопчык, які мае інваліднасць. Старэйшаму Мікіце хутка споўніцца 12 гадоў, Паўлу — сем. Самая малодшая ў шматдзетнай сям’і – трохмесячная дачушка Ксюша. Напачатку Новага года падаруначныя сертыфікаты сталі для шматдзетных сем’яў прыемным падарункам.

