
14 сакавіка з нагоды свята праваслаўнай кнігі бібліятэкар Пашкоўскай бібліятэкі Іна Іванаўна Суднік завітала да вучняў Шкунцікаўскай базавай школы і правяла урок духоўнасці “І лік святы нам душу грэе”. У рамках мерапрыемства хлопчыкі і дзяўчынкі пазнаёміліся з галоўнай кнігай хрысціянства — бібліяй, святым евангеліем, некаторымі творамі мастацкай літаратуры, якія дапамагаюць чалавеку зразумець сэнс жыцця і задумацца пра некаторыя свае ўчынкі. Маленькім вучням запомніліся і спадабаліся басні І. Крылова, вершы Р. Гамзатава, казка К. Паўстоўскага “Цёплы хлеб”. Дзеці з цікавасцю слухалі бібліятэкара і задавалі свае пытанні. А Іна Іванаўна запрасіла юных чытачоў наведацца ў бібліятэку і пазнаёміцца з выставай літаратуры “Каб душу акрыляў духоўны свет”.
Вольга СТАШЭЎСКАЯ
Духоўнае выхаванне — адзін з самых важных накірункаў у рабоце з моладзю. У школах гэтаму ўдзяляюць належную ўвагу. У некаторыя навучальныя ўстановы запрашаюцца святары — арганізоўваюцца сустрэчы з вучнямі. Цікавае і карыснае мерапрыемства прайшло ў Лужкаўскай СШ — Дзень праваслаўнай кнігі. Больш падрабязна пра яго расказвае вучаніца 9 класа Святлана РАДЗЕВІЧ.
— У нашай школе адбылося мерапрыемства, прысвечанае Дню праваслаўнай кнігі. Свята неардынарнае, цікавае і карыснае. На ім прысутнічалі вучні, настаўнікі, дырэктар школы і, ў якасці госця, айцец Пётр. Гэта свята вельмі патрэбнае для ўсіх, таму што ў нашым паўсядзенным жыцці мы забываемся пра веру ў Бога, пра наш духоўны свет. Часта прысвячаем сваю ўвагу дробязям жыцця, не памятаем аб тым, што ў нас яно адно і можа ў любы момант абарвацца, а мы амаль нічога не зрабілі на карысць людзям. Таму мы заўсёды павінны помніць Бога, а не толькі ўспамінаць тады, калі нам дрэнна, у нашых душах заўсёды павінна жыць вера.
Гэтаму цудоўнаму святу быў прысвечаны канцэрт, які падрыхтавалі бібліятэкар Лужкаўскай школы Іна Станіславаўна Морхат, музычны кіраўнік Людміла Міхайлаўна Гірэй і вучні 5—6 класаў. Таксама ў актавай зале была зроблена невялічкая выстава «Дакрануцца да праваслаўя”, дзе была прадстаўлена праваслаўная літаратура і абразы. Дзеці спявалі мілагучныя, прыемныя песні, ў якіх услаўлялі Бога, чыталі вершы, расказвалі гледачам аб гісторыі ўзнікнення праваслаўных кніг і яшчэ раз нагадалі аб галоўнай кнізе праваслаўя — Бібліі. У зале панавала цішыня, а на тварах можна было заўважыць роздум.
У заканчэнні дырэктар школы Ларыса Віктараўна Гараніна павіншавала ўсіх са святам, сказала шмат прыемных і праўдзівых слоў. А пасля запрасіла айца Пятра выказаць сваё меркаванне аб убачаным. Ён быў вельмі ўражаны, бо прысутнічаў на такім мерапрыемстве ўпершыню, і вельмі ўдзячны за запрашэнне. Айцец Пётр звярнуўся з прамовай да прысутных, сказаў шмат важных слоў, усе слухалі яго затаіўшы дыханне.
Вельмі цудоўна, што ў наш імклівы час — век інфармацыйных тэхналогій — мы здольныя адзначаць такое свята. Упэўнена, што ніхто не застаўся раўнадушным і чэрствым і, напэўна, хоць на хвілінку ў нашых душах пасяліўся Бог, а гэта вельмі важна.
Матэрыял падрыхтаваў Аляксандр БАРЫЛА
