Шаленства: ці ёсць прычыны для трывогі?

Актуальное

5bb778a1461afe9f25870285bc78960b_LУ Беларусі перыядычна фіксуюцца факты шаленства жывёл. Адзін з іх быў адзначаны ў Мінску, калі быў знойдзены труп сабакі. Спецыялісты даведаліся, што гаспадары за некалькі дзён да гібелі вадзілі яго ў ветлабараторыю і ўжо тады праявіліся першыя сімптомы шаленства. А пасля смерці сабакі быў аб’яўлены каранцін у трох раёнах Мінска, дзе яго выгулівалі.

Яшчэ адзін выпадак адбыўся ў Гродзенскім раёне. Гаспадыня аглядала свой двор і за хлявамі ўбачыла труп лісіцы. Ветэрынары, якія прыехалі на месца, пасля экспертызы пацвердзілі факт наяўнасці небяспечнага віруса. І хоць лісіца нікога не пакусала, а проста памерла “сваёй” смерцю, медыкі ўсё роўна аб’явілі двухмесячны каранцін у вёсцы.

Выпадак укусу чалавека хатнім катом, які хварэў шаленствам, быў зафіксаваны сёлета і ў нашым раёне. Здарылася гэта ў вёсцы Яцкаўшчына Більдзюжскага сельсавета. На шчасце, жанчына своечасова звярнулася па медыцынскую дапамогу. Цяпер яе здароўю нічога не пагражае.

Адзіны эфектыўны спосаб прафілактыкі шаленства — своечасовае аказанне антырабічнай дапамогі людзям, якія пацярпелі ад кантакта з хворай жывёлай.

У 2017 годзе па краіне зарэгістравана 484 выпадкі шаленства жывёл (лісіц, сабак і катоў). Гэта на 16,8% ніжэй, чым у 2016 годзе. У лідарах па колькасці выпадкаў шаленства жывёл за мінулы год — Гомельская і Мінская вобласці.

Усяго ва ўстановы аховы здароўя за аказаннем патрэбнай дапамогі з-за ўкусаў, драпін скуранога покрыва ў мінулым годзе звярталася каля 20 тысяч чалавек. Такая сітуацыя адзначалася і ў 2016 годзе. Таму казаць, што выпадкаў шаленства з кожным годам усё больш, нельга. Але ж, калі вас напаткала такая праблема, трэба неадкладна звяртацца па медыцынскую дапамогу, каб зберагчы сваё здароўе.

Дзякуючы комплекснай прафілактыцы ў краіне не фіксуюцца выпадкі захворвання людзей ужо на працягу пяці гадоў. Людзі сталі разумець, наколькі небяспечным можа быць шаленства для іх і хатніх гадаванцаў.

На жаль, па-ранейшаму ў грамадстве існуе праблема бадзяжных сабак і катоў. А яны, як вядома, у першую чаргу могуць стаць патэнцыяльнымі разношчыкамі віруса шаленства. Таму і рызыка распаўсюджвання гэтай смяротна небяспечнай хваробы застаецца.

ДАВЕДКА

Шаленства — прыроднае асабліва небяспечнае смяротнае інфекцыйнае захворванне. Вірус шаленства выклікае спецыфічны энцэфаліт (запаленне галаўнога мозга) у жывёл і людзей. Перадаецца са слінай пры ўкусе хворай жывёлай. Затым па нервовых шляхах вірус дасягае слінных залоз, нервовых клетак кары галаўнога мозга, выклікае цяжкія парушэнні, якія прыводзяць да гібелі.

Н. СІКОРА,

урач-паразітолаг райветстанцыі.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *