Велікодная выпечка ад шаркаўшчынскіх кандытараў

Актуальное

Кацярына Лаўрыновіч і Марыя Касцюкевіч з асартыментам святочнай прадукцыі, якую выпякаюць у кандытарскім цэху

Адным з найважнейшых святаў для веруючых беларусаў з’яўляецца Вялікдзень. Каталіцкія вернікі ўжо адсвяткавалі яго, праваслаўныя адзначаць у гэтую нядзелю. Несумненна важным атрыбутам святочнага стала  з’яўляецца Велікодны куліч. Далёка не ў кожнай гаспадыні хапае часу і ўмення, каб спякчы яго самастойна. І тут можа прыйсціся дарэчы прадукцыя кандытарскага цэха аддзела прамысловасці Шаркаўшчынскага райспажыўтаварыства.
— Сёлета да свята мы прапануем шырокі выбар выпечкі, — расказвае інжынер-тэхнолаг аддзела Кацярына Лаўрыновіч. — Гэта кулічы, пірагі з разнастайнымі начынкамі (павідла, тварог, мак, разынкі, цукаты), разаны, булачкі. Сярод сёлетніх навінак — кекс велікодны. Каб выпечка выглядала прыгожа, набылі ў дастатковай колькасці розныя падсыпкі. Усё гэта можна будзе набыць у магазінах гарадскога пасёлка і раёна. Таксама палатка з нашай прадукцыяй будзе на перадсвяточных суботніх кірмашах. Так што, думаю, патрабаванні спажыўцоў у святочнай выпечцы забяспечым.
Увогуле, трэба сказаць, што велікодная прадукцыя цэха карыстаецца попытам, як у нашым раёне, так і за яго межамі. Заяўкі на выпечку паступаюць з Віцебска, Полацка і Наваполацка, іншых гарадоў вобласці. Летась у цэху выпеклі прыкладна каля трох з паловай тон велікодных булак, сёлета запланава яшчэ болей. Каб справіцца з аб’ёмамі, кандытарскі цэх працуе кругласутачна ў тры змены.
— Укладваем у работу душу, — гаворыць майстар змены Марыя Генрыхаўна Касцюкевіч, якая ўжо шмат гадоў працуе ў кандытарскім цэху, — выпякаем усе свае вырабы з добрым настроем і спадзяемся, што такі ж настрой яна прынясе людзям на свята.
Андрэй БУРЭЦ




Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *