Вынікі вясенне-палявых работ ААТ «Жвіранка»

Сельское хозяйство

797 (Копировать)

Амаль закончылі пасяўную кампанію ў адкрытым акцыянерным таварыстве “Жвіранка”. Мясцовыя аграрыі, нягледзячы на разнастайныя капрызы надвор’я, працавалі, выкарыстоўваючы кожную магчымую хвіліну, каб вывесці тэхніку на палі. У пачатку вясны сейбітам перашкаджалі вымачкі на палетках. Як не дзіўна, але сёлета нават на більдзюжскіх пясчаных глебах зямля сохла значна марудней, чым на суглінках. Гэта акалічнасць уносіла свае карэктывы па выбары больш прыгодных участкаў для перамяшчэння глебаапрацоўчай тэхнікі. Пасля працяглых пагодных і сонечных дзён урэшце пайшлі дажджы. А значыць, што пасеяныя яравыя культуры павінны даць добрыя ўзыходы. Менавіта на гэта і разлічваюць аграрыі на толькі “Жвіранкі”, але і ў астатніх гаспадарках раёна.

Кіраўніцтва, адміністрацыя і прафсаюзны камітэт гэтага сельгаспрадпрыемства падвялі вынікі спаборніцтва сярод працаўнікоў, якія былі занятыя на розных відах вясенне-палявых работ. Дырэктар гаспадаркі Пётр Спірыдонавіч Ананька і яго намеснік па ідэалагічнай рабоце Анна Мар’янаўна Бездзель узнагародзілі перадавікоў сельгасработ.

На ўскрайку поля за аграгарадком Більдзюгі падрыхтоўкай глебы пад сяўбу займаўся механізатар Алег Андруковіч на К-744. З гэтай тэхнікай, як і з любой іншай трактарыст на “ты”. Гэта ў яго ўжо трэці па ліку “Кіравец”, на ім ён працуе дванаццаць год і дасканала ведае асаблівасці свайго “сталёвага каня”. Анна Мар’янаўна прыпыніла на некалькі хвілін працу механізатара, павіншавала Алега з заканчэннем пасяўной кампаніі. Выказала словы ўдзячнасці за шчырую працу, уручыла каштоўны падарунак і чырвоны сцяжок. Механізатар, сфатаграфаваўшыся, прымацаваў сцяжок на верх кабіны свайго магутнага трактара і рушыў у поле.

Чатырнаццаць год працуе ў “Жвіранцы” механізатар Алег Пяткевіч. Апошніх дзевяць ён шчыруе на энерганасычаным МТЗ-3022. Сёлета Алег быў заняты на вясеннім ворыве і культывацыі глебы. За якасць і аб’ём выкананых работ таксама атрымаў віншаванні і ўзнагароду.

Бясспрэчным лідарам на сяўбе яравых культур не толькі ў сваёй гаспадарцы, але і ў раёне з’яўляецца механізатар Дзмітрый Крышталевіч. На МТЗ-3022 у счэпе з пасяўным агрэгатам АПП-6 А па стане на 17 мая ён засеяў   767  гектараў. З высокімі працоўнымі дасягненнямі павіншаваў яго дырэктар гаспадаркі Пётр Спірыдонавіч Ананька. Пажадаў трактарысту і надалей не страчваць сваіх лідзіруючых пазіцый.

Сяргей РАЙЧОНАК.

811 (Копировать)



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *