Пра гісторыю развіцця кааперацыі ў нашым раёне расказвае Яўгеній Фаміч Кандраценка

Актуальное

347 7 ліпеня ў нашай краіне адзначаецца Дзень кааперацыі. Гэта свята тых людзей, хто забяспечвае насельніцтва (пакупнікоў) харчовымі і прамысловымі таварамі. Дзякуючы гандлю кожны з нас мае магчымасць у любы зручны час набыць тую ці іншую патрэбную для сябе рэч.

У гарадскім пасёлку па вуліцы Набярэжнай пражывае Яўгеній Фаміч Кандраценка разам з жонкай Ядзвігай Браніславаўнай.           Яўгенія Фаміча ведаюць многія шаркаўчане. Гэты паважаны ў грамадстве чалавек на працягу дваццаці трох год узначальваў Шаркаўшчынскае райспажыўтаварыства, быў старшынёй яго праўлення. З ім мы нядаўна сустрэліся ў будынку райвыканкама, куды Яўгеній Фаміч прыходзіў у раённы савет ветэранаў, членам прэзідыума якога ён з’яўляецца. Спытаўшы дазволу на гутарку, накіраваліся разам з ім у зацень дрэў гарадскога сквера, каб крыху паразмаўляць, даведацца, чым і як жылі шаркаўчане, як развіваўся гарадскі пасёлак у 70—80-ыя гады мінулага стагоддзя.

— Ведаеце, мне ёсць што ўспомніць, азірнуўшыся на пражытыя гады, — сказаў мой суразмоўца. — На той час выпаў пік сацыяльна-эканамічнага развіцця Шаркаўшчыны. Навокал ішла будоўля вытворчых аб’ектаў, жылля, хуткімі тэмпамі павялічвалася колькасць насельніцтва. Але ўсё ж хачу спыніцца на дзейнасці райспажыўтаварыства, на кіруючую пасаду ў якое я быў прызначаны ў 1974 годзе.

Маючы пэўны вопыт працы ў гандлі, які я атрымаў на Глыбоччыне, я дакладна бачыў, на якіх накірунках трэба засяродзіць сваю ўвагу ў Шаркаўшчынскім райспажыўтаварыстве. А працы тут і сапраўды хапала. У той час у гарпасёлку было толькі 3 магазіны. У сельскай мясцовасці будынкі ўстаноў гандлю былі старыя, рамантаваць іх не было і сэнсу. Я сабраў каманду аднадумцаў, выказаў сваё далейшае бачанне па развіцці райспажыўтаварыства кіраўніцтву раёна, Віцебскага аблспажыўсаюза і Балкаапсаюза. У выніку атрымаў падтрымку з іх боку. Усе гандлёвыя аб’екты, якія размешчаны ў гарпасёлку і раёне цяпер, будаваліся з сярэдзіны 1970-х і да сярэдзіны 1990-х гадоў. У гэты час іх колькасць дасягнула шасцідзесяці адзінак: 43 было ў сельскай мясцовасці і 17 у гарадскім пасёлку.

У 1981 годзе пабудавалі і ўвялі ў строй хлебазавод, які даваў сваёй прадукцыі да 32 тон у суткі. На прадпрыемстве працавала амаль сто чалавек. На камбінаце кааператыўнай прамысловасці выпускалі кандытарскія вырабы, мясную прадукцыю, безалкагольныя напоі, швейныя вырабы. Налічвалася 15 прадпрыемстваў грамадскага харчавання. Працавалі жывёлазабойны і прыёмна-адпускны пункт па адгрузцы бульбы ў вагоны. Уведзена ў эксплуатацыю гароднінасховішча на тысячу тон прадукцыі. Пабудаваны два рынкі. Аўтапарк прадпрыемства налічваў амаль 50 аўтамабіляў. Усяго ў той час у сістэме райспажыўтаварыства працавала больш чым 1.200 чалавек. Клапаціліся мы і пра дабрабыт нашых работнікаў, дзеля якіх быў пабудаваны 24-кватэрны жылы дом. Для пераймання вопыту работы да нас часта прыязджалі калегі не толькі з вобласці і рэспублікі, але і з Прыбалтыкі. На базе Шаркаўшчынскага райспажыўтаварыства неаднаразова праходзілі абласныя і рэспубліканскія семінары. Нам і сапраўды было што паказаць на практыцы.

Шкада, што гэта засталося толькі ў мінулым. Але, магчыма, пройдзе час, які зменіць усё ў лепшы бок. Дастойную канкурэнцыю дзяржаўнаму гандлю цяпер складаюць камерцыйныя структуры, у нашай Шаркаўшчыне ў тым ліку. Руплівы гаспадар, якому належыць тая або іншая гандлёвая ўстанова, заўсёды знойдзе выйсце з любой складанай эканамічнай сітуацыі, як мага большым зробіць асартыментны пералік тавараў, задаволіць патрэбы пакупнікоў. Галоўнае, паставіць перад сабой цвёрда вызначаную мэту і ўпэўнена крочыць да яе, пераадольваючы на шляху ўсе цяжкасці.

Сяргей РАЙЧОНАК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *