Робяць стаўку на сянаж у ААТ «Агратэхсэрвіс»

Сельское хозяйство

пад’ехаў пад загрузку да Міхаіла Шука на трактары Іван Сямёнаў

У сусветнай практыцы лічыцца, што малочная прадуктыўнасць статка на 60 працэнтаў залежыць ад кармоў, а астатняя частка — ад генетыкі і ўмоў утрымання. Таму і не траціць сваёй актуальнасці прымаўка: “У каровы малако на языку”.
І тое, што ў ААТ “Агратэхсэрвіс” надой малака на карову за суткі складае па 18 з лішнім кілаграмаў (трэцяе месца ў раёне) — вынік таго, што на працягу стойлавага ўтрымання жывёла атрымлівала якасны і ў дастатковай колькасці корм і на добрай пашы ўтрымліваецца цяпер.
Задача корманарыхтоўшчыкаў — назапасіць патрэбную колькасць кармоў на стойлавы перыяд, каб не толькі не зніжаць, а нарошчваць прадуктыўнасць грамадскага статка.
З траў першага ўкосу трэба нарыхтаваць для рознага віду жывёлы 39600 тон сенажу і для сухастойных кароў і цялят — 737 тон сена. Пакуль праходзяць дажджы, сена рыхтаваць не даводзіцца і робіцца стаўка на сянаж. Загадзя падрыхтаваны для прыёму новай прадукцыі шэсць сянажных траншэй.
На мінулым тыдні корманарыхтоўшчыкі працавалі на назапашванні сенажу з траў ва ўрочышчы Шчумялі. Здрабнялі правяленую масу механізатары Міхаіл Шук на агрэгаце КЗР-10 і Віктар Лаўрыновіч на КВК-800. Сенакоснае поле ад месц закладкі размешчана непадалёку, таму каб тэхніка не прастойвала, на адвозку былі выдзелены аўтамашыны МАЗ-555 142, на якіх шчыравалі Сяргей Захарыч, Леанід  Невярковіч, Рыгор Яфімаў і Валянцін Ясюкевіч. На трактарах МТЗ-1221 з прычэпамі ПІМ-45 адвозілі травяную масу Дзмітрый Ясюкевіч, Андрэй Рачыцкі, Сяргей Курачкін, Іван Сямёнаў, Алег Рабіза і Валерый Хаданёнак, на трактары МТЗ-3022 з ПІМ-45 Сяргей Балай. Толькі паспявалі адна за адной пад’язджаць пад загрузку транспартныя адзінкі. Так што на перапынкі і размову з механізатарамі часу не было. Надвор’е спрыяла іх рабоце.
Пераязджаем з поля да жывёлагадоўчага комплексу. Закрывалі запоўненую да краёў ёмістасцю да 900 тон чарговую траншэю, ужо трэцяю. Галоўны ветурач гаспадаркі Эдуард Шудзель узяў для аналізу ўзор закладзенага корму. Як паведаміў спецыяліст, які ў адказе за якасць кармоў, на працягу закладкі сам вызначаў вільготнасць. Па норме яна павінна адпавядаць 45—57 працэнтам. Канчатковы аналіз зробяць у лабараторыі райветстанцыі, дзе вызначаць яшчэ і колькасць караціну, нітратаў і паставяць адпаведны клас дадзенаму корму. На кожную такую траншэю выпісваецца пашпарт з усімі патрэбнымі адзнакамі.

спраўляюцца з трамбоўкай закладзенай сянажнай масы Валерый Ананіч і Сяргей Папко

Не спыняецца работа па трамбоўцы масы. На выкананні гэтага віду работ задзейнічаны два магутныя Амкадоры, на якіх працуюць Сяргей Папко і Валерый Ананіч. Яны ўмела манеўруюць на не вельмі прасторнай плошчы. А з 21 гадзіны і да 6 раніцы гэту работу выконвае на трактары Т-150 Вячаслаў Рубашка.
У той дзень было закладзена ў траншэі 992 тоны сенажу.
Трэба сказаць, што ўсе корманарыхтоўшчыкі забяспечаны добрым харчаваннем, наладжана працоўнае спаборніцтва. А галоўнае — ёсць магчымасць зарабіць, таму ўсе аптымістычна настроены на правядзенне корманарыхтоўчых работ.
Кацярына СОСНА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *