«Абараняць правы і законныя інтарэсы» Гутарка з пракурорам раёна Андрэем Барысавічам ВЕЦЮГОВЫМ

Актуальное

рабочая планёрка А. Б. Вецюгова з намеснікам пракурора А. К. Драгель і памочнікам пракурора А. П. Свяцкім

Сёлета спаўняецца 90 год з дня стварэння пракуратуры Рэспублікі Беларусь. З гэтай нагоды сёння гутарка з пракурорам раёна Андрэем Барысавічам ВЕЦЮГОВЫМ, які пачаў працаваць на гэтай пасадзе з красавіка бягучага года.
—    Андрэй Барысавіч, некалькі слоў пра свой жыццёвы і працоўны шлях.
—    Нарадзіўся ў 1982 годзе ў Полацку, закончыў Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт. Напачатку працаваў юрысконсультам прадстаўніцтва Белдзяржстраху ў г. Орша. У 2007 годзе паступіў на службу ў органы пракуратуры. Да красавіка 2012 года займаў пасады памочніка і намесніка пракурора Шумілінскага раёна. Згодна з адпаведным загадам органаў пракуратуры прызначаны на пасаду пракурора Шаркаўшчынскага раёна.
—    Што для вас галоўнае ў паўсядзённай дзейнасці?
—    Сістэма органаў пракуратуры з’яўляецца важнейшай састаўной часткай дзяржаўнага апарата. Яе развіццё непарыўна звязана з аб’ектыўнымі працэсамі, якія адбываюцца ў нашым грамадстве. Новыя падыходы ў вырашэнні сацыяльных і эканамічных праблем, высокія тэмпы ўрбанізацыі патрабуюць больш дынамічнай прававой палітыкі. На гэта накіраваны Закон Рэспублікі Беларусь, які ўступіў у дзеянне пяць гадоў таму.
Галоўнае для мяне — забеспячэнне законнасці і правапарадку. Гэта складаная і мнагапланавая задача, якую неабходна вырашаць у цесным узаемадзеянні з дзяржаўнымі органамі і грамадствам.
—    Ці паспелі вы пазнаёміцца з калектывам?
—    Безумоўна, бо ён не надта вялікі. За непрацяглы час упэўніўся, што побач працуюць прафесіяналы сваёй справы. Асабліва хачу адзначыць свайго намесніка Алену Казіміраўну Драгель, якая больш за 25 гадоў уносіць неацэнны ўклад у развіццё пракуратуры раёна і ўмацаванне законнасці. За высокі прафесіяналізм яна неаднаразова заахвочвалася генеральным пракурорам Рэспублікі Беларусь і пракурорам Віцебскай вобласці.
Тут жа хачу адзначыць важкі ўклад у агульную справу сваіх папярэднікаў. Гэта В. К. Бурнос, З. С. Стацэвіч, В. В. Байданаў, Г. А. Каранько, І. В. Ластоўскі, Д. А. Статкевіч. Спадзяюся, што і надалей буду дастойна працягваць іх напрацоўкі ва ўмацаванні законнасці і правапарадку на тэрыторыі раёна, цесна супрацоўнічаючы з аддзелам унутраных спраў райвыканкама і судом раёна. Задача ў нас адна — забяспечыць спакой грамадзян і гарантаваць ім бяспеку.
—    26 чэрвеня вы адзначаеце 90-гадовы юбілей органаў пракуратуры. Вашы пажаданні калегам з нагоды адметнай даты.
—    Шчыра віншую ўсіх, хто сёння працуе ў сферы забеспячэння нацыянальнай бяспекі, барацьбы з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй, прафілактыкі злачынстваў. Вы ў адказе за лёсы людзей і іх законных правоў і інтарэсаў. Асабістага шчасця кожнаму, здароўя, поспеху, упэўненасці ў заўтрашнім дні.
—    Дзякуй, Андрэй Барысавіч, за сказанае. Прыміце віншаванні і ад калектыву рэдакцыі раённай газеты. Спадзяюся, што наша супрацоўніцтва ў далейшым будзе скіравана на актыўную барацьбу з негатыўнымі з’явамі ў грамадстве.
Гутарыў Эдуард КОРСАК



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *