Кожны чалавек па-свойму пражывае адведзены яму прамежак часу на зямлі. Большасць людзей імкнуцца працаваць так, каб пакінуць пасля сябе значны след, прынесці карысць грамадству. Толькі, як бы ні жыў чалавек, калі прыходзіць час заслужанага адпачынку, калі гады правялі значны адлік, ён асэнсоўвае пройдзенае, прыгадвае станоўчыя і адмоўныя бакі жыцця, працы, імкнецца нейкім чынам навярстаць упушчанае, знаходзіць занятак па душы. Да ліку такіх адносіцца і Раіса Леанідаўна Ліпская з вёскі Буйкі Валожынскага сельсавета. Жвавая, энергічная, граматная, яна раней паспявала ўсюды і не траціць аптымізму цяпер. Яе захапленне — кветкі, разводзіць хатнюю жыўнасць, кулінарыць. А ўзнікнуць неадкладныя справы, тут жа садзіцца на скутар і яна ўжо ў райцэнтры.
Практычна ўся працоўная дзейнасць Раісы Леанідаўны была звязана з сельскай гаспадаркай, акрамя таго давялося папрацаваць старшынёй сельвыканкама.
Павіншаваць юбілярку прыехалі члены райвыканкама Валянціна Вільгельмаўна Клімза і Мікалай Аляксеевіч Макаранка, намеснік начальніка ўпраўлення райсельгасхарчу па раслінаводству Ірына Генадзьеўна Міхалёнак, старшыня ветэранскай арганізацыі раёна Галіна Мікалаеўна Філатава. Раісе Леанідаўне ўручылі Ганаровую грамату райвыканкама, падарунак, кветкі і выказалі цёплыя словы віншавання.
Добрага вам здароўя, Раіса Леанідаўна, энергіі і натхнення ў справах, якімі вы цяпер займаецеся!
Кацярына СОСНА
