Калі музыка аб’ядноўвае душы (гісторыя Лідзіі Іванаўны Верашчакі і Леаніда Генадзьевіча Адамёнка)

Актуальное

887Вёску Каўшэлева ведаюць далёка за межамі нашага раёна, у вялікай ступені дзякуючы народнаму фальклорнаму калектыву “Купалінка”, які ўжо створаны пры мясцовым Доме фальклору і шмат гадоў паспяхова працуе пад кіраўніцтвам Надзеі Іванаўны Вайцюль.

У ліку пастаянных удзельнікаў народнага калектыву муж і жонка — Леанід Генадзьевіч Адамёнак і Лідзія Іванаўна Верашчака. І хоць абодва ўсё жыццё адпрацавалі ў сельскагаспадарчай вытворчасці раёна, музыка ў іх жыцці была заўсёды.

— Яшчэ мой бацька, ветэран Вялікай Айчыннай вайны, Генадзій Мацвеевіч Адамёнак, якога не стала ў гэтым годзе, з ранняга дзяцінства захапляўся ігрой на скрыпцы і быў выдатным музыкантам. Ён закончыў 4 класы “польскай школы” і яго бацька змайстраваў яму самаробную драўляную скрыпку, на якой хлопчык хутка навучыўся іграць. Здольнасці юнага музыканта заўважыў адзін з настаўнікаў школы, паляк па нацыянальнасці. Калі пакідаў нашу мясцовасць, ён падарыў майму тату свой музычны інструмент — прафесійную скрыпку, — падзяліўся ўспамінамі з чытачамі раённай газеты Леанід Генадзьевіч Адамёнак. — Я таксама самавучка, толькі баяніст. Любую песню і мелодыю магу падабраць на слых, і так было з самага дзяцінства. А любімы інструмент заўсёды побач са мной, на ўсіх этапах майго жыцця.

З асаблівай настальгіяй сёння, калі ўжо няма ў жывых ветэрана Вялікай Айчыннай вайны і паважанага ў нашым раёне чалавека Генадзія Мацвеевіча Адамёнка, яго сын успамінае мужчынскі ансамбль сям’і Адамёнкаў. Генадзій Мацвеевіч іграў на скрыпцы, Леанід Генадзьевіч — на баяне, а ўжо яго сын — на бубне. Мясцовыя жыхары часта запрашалі іх сямейны тандэм, каб музыкі паігралі на вяселлі, дні нараджэння ці прынялі ўдзел у якім-небудзь іншым вясковым свяце.

Музыка заўсёды займала значнае месца ў жыцці Леаніда Адамёнка, але асноўную сваю прафесію ён звязаў з працай на роднай зямлі. Пачынаў працаваць токарам, быў загадчыкам майстэрняў. Вышэйшую адукацыю атрымаў на факультэце механізацыі ў Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі ў горадзе Горкі Магілёўскай вобласці. Затым з’яўляўся  намеснікам старшыні калгаса, сакратаром партарганізацыі. На працягу 4 гадоў узначальваў калгас “Усход”. Па сямейных абставінах вярнуўся ў Каўшэлева, дзе працаваў спачатку  інжынерам па ахове працы, а потым — галоўным інжынерам.

У сакавіку споўнілася 17 год, як Леанід Генадзьевіч і Лідзія Іванаўна стварылі сваю сям’ю. Для абодвух гэта ўжо другі шлюб.

Лідзія Іванаўна шмат гадоў адпрацавала ў бухгалтэрыі былога калгаса “Усход”. Рана засталася ўдавой і, калі другі раз выйшла замуж, пераехала ў вёску Каўшэлева. У мясцовым сельгаспрадпрыемстве працавала і бухгалтарам, і загадчыкам склада, і дыспетчарам, да самага выхаду на заслужаны адпачынак.

Вёска Каўшэлева ўжо даўно стала для Лідзіі Іванаўны другой радзімай, дзе ў яе сям’я і родныя, шмат сяброў, любімы калектыў “Купалінка”, у якім жанчына, як і яе муж, з’яўляецца акампаніятарам. Удзельнікі знакамітага ў нашым раёне народнага калектыву імкнуцца захаваць старадаўнія народныя песні, запісваюць іх, уключаюць у свой рэпертуар, прыцягваюць мясцовую моладзь у склад “Купалінкі”, разам вывучаюць народныя традыцыі продкаў, імкнуцца захаваць гэту спадчыну.

А на пытанне, ці ўплывае агульнае захапленне музыкай на іх сямейнае жыццё, муж і жонка адказалі, што народныя традыцыі і сучаснасць моцна перапляліся ў іх дружнай сям’і. Але ж галоўнае, што яны заўсёды разам, і дома, і ў калектыве “Купалінка”, якая за апошнія 17 год стала неад’емнай часткай і іх жыцця таксама. Пры гэтым агульныя інтарэсы яшчэ больш аб’ядноўваюць гэту дружную і творчую сям’ю.

Леанід Генадзьевіч і Лідзія Іванаўна ўжо на заслужаным адпачынку. Галоўнае для іх, як і для многіх бацькоў, поспехі дзяцей і ўнукаў, менавіта ім муж і жонка радуюцца больш, чым сваім уласным. Яны заўсёды з нецярпеннем чакаюць у госці ўсіх сваіх родных. А баян у іх доме ў Каўшэлеве заўсёды на бачным месцы. Бо якое ж свята без музыкі?

Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ.