
Нашы чытачы — гэта людзі самых розных узростаў і прафесій, з асабістымі культурнымі і інфармацыйнымі запытамі, інтарэсамі і захапленнямі. Чытачы нашай бібліятэкі змаглі даказаць, што яны не проста чытачы, а таленавітыя, адданыя друкаванаму слову кнігалюбы, якія не ўяўляюць жыцця без кнігі. Яны — актыўныя і патрабавальныя, сур’ёзныя і ўдумлівыя, дапытлівыя і цікаўныя, заўсёды знаходзяць хвілінку, каб зазірнуць у бібліятэку, пагартаць любімыя часопісы і газеты, пазнаёміцца з кніжнымі навінкамі, перачытаць яшчэ раз цікавую кнігу. Гэтыя людзі чытаюць не толькі для асалоды, але і каб падзяліцца з іншымі новымі ведамі, абмяняцца меркаваннямі аб прачытаным. Галоўнае, што іх аб’ядноўвае — любоў да кнігі і чытання, адданасць нашай бібліятэцы. І таму ідэя ўшанавання актыўных чытачоў узнікла невыпадкова.

30 верасня адбылася прэзентацыя фотаальбома ганаровых чытачоў пад назвай “Шчасце быць чытачом”. Падзея праходзіла ва ўрачыстай, цёплай, сяброўскай атмасферы і пакінула шмат прыемных уражанняў. Дзяліліся сваімі чытацкімі захапленнямі, выказвалі пажаданні развіцця і творчасці любімай бібліятэцы, а таксама былі адзначаны асабістымі намінацыямі: Мікалай Мікалаевіч Атрахімовіч — “Актыўны наведвальнік бібліятэкі”, Караліна Мамэртаўна Гугалінская — “Ледзі любоўнага рамана”, Ларыса Рыгораўна Лагун — “Знаўца роднага слова”. З гонарам атрымалі намінацыі Кацярына Уладзіміраўна Дарафеева — “Самы дапытлівы чытач” і Арсеній Дарафееў — “Перспектыўны чытач”. Свае заслужаныя ўзнагароды атрымалі таксама Вольга Венедзіктаўна Забела — “Шматгранны чытач”, Ірына Мітрафанаўна Гаўрылавец і Алена Васільеўна Крыўка як “Надзейныя сябры бібліятэкі”, Таццяна Ананьеўна Эйтміновіч атрымала званне “Актыўны карыстальнік камп’ютарнымі паслугамі”, Ірына Мікалаеўна Конан перамагла разам са сваімі роднымі ў намінацыі “Чытаем усёй сям’ёй”. Да ўрачыстай дзеі далучыліся і многія іншыя чытачы лужкаўскай бібліятэкі.
Напрыканцы сустрэчы за кубачкам гарбаты і смачнымі пірагамі вялася сяброўская размова пра кнігі і чытанне, надзённыя праблемы і планы новай сустрэчы кнігалюбаў.

І тут нельга не пагадзіцца са словамі рускага паэта і пісьменніка Самуіла Маршака: “Литературе также нужны талантливые читатели, как и талантливые писатели. Именно на них, на этих чутких, обладающих творческим воображением читателей и рассчитывает автор, когда напрягает все свои душевные силы в поисках верного слова”.
Л. ГУГАЛІНСКАЯ,
бібліятэкар Лужкаўскай бібліятэкі-філіяла № 29.