114 выпускнікоў адзінаццатых класаў агульнаадукацыйных школ Шаркаўшчынскага раёна 8 чэрвеня развіталіся са сваімі навучальнымі ўстановамі, дзе спасцігалі навуку, знайшлі верных сяброў, як сярод равеснікаў, так і сярод настаўнікаў. Цяпер перад юнакамі і дзяўчатамі адкрыты шляхі ў дарослае, самастойнае жыццё, дзе яны зробяць свае першыя крокі.
У Велікасельскай дзіцячы сад—сярэдняй школе сёлета толькі адна выпускніца — адзінаццацікласніца Оля Грыгор’ева. Канечне, гэта акалічнасць магла б крыху і збянтэжыць дзяўчыну, бо асноўная ўвага ў такі дзень, несумненна, удзяляецца менавіта выпускнікам 11-х класаў. Але школьнае мерапрыемства арганізавалі такім чынам, што разам з Оляй у цэнтры увагі знаходзіліся і дзевяцікласнікі, якія ў гэты адзень атрымалі пасведчанні аб базавай адукацыі.
Урачыстасць праходзіла ў святочна ўбранай спартыўнай зале. Тут, акрамя педагогаў і работнікаў школы, сабраліся бацькі, родныя, сябры Олі Грыгор’евай і дзевяцікласнікаў. У Велікасельскую ДС—СШ завітаў начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Мікалай Мікалаевіч Рубацкі.
Шмат цёплых і добрых слоў выказаў Мікалай Мікалаевіч віноўнікам урачыстасці. Наперадзе ў іх дарослае жыццё, па якім трэба будзе ісці не схіляючы галавы, пераадольваючы перашкоды і цяжкасці, упэўнена крочыць да пастаўленых мэт. Толькі тады можна будзе разлічваць на поспех і ўдачу.
Навучальнай установе Мікалай Мікалаевіч падарыў сертыфікат на набыццё спартыўнага інвентару. Такі падарунак, несумненна, паспрыяе выхаваўчаму працэсу і спартыўным дасягненням падрастаючага пакалення.
На працягу свята, вядучымі якога сталі дзесяцікласніца Арына Баговіч і дзесяцікласнік, старшыня Маладзёжнай палаты Шаркаўшчынскага раёна Вадзім Мацяс, гучалі музыка, песні, віншаванні з заканчэннем школы. Свой канцэртны нумар выканалі і самыя маленькія дзеткі, якія сёлета толькі закончылі першы клас. Кожнае выступленне вучняў прысутныя ў зале віталі шчырымі апладысментамі.
І вось надышоў самы хвалюючы момант. Слова прадаставілі дырэктару навучальнай установы Юрыю Часлававічу Матулю. З хваляваннем ў душы, крыху сумным голасам ён звярнуўся да вучняў, якія пакідаюць сцены роднай школы.
— Дарагія дзеці, сёння апошняе свята, на якім вы з’яўляецеся ў цэнтры ўвагі ўсіх, хто сабраўся ў нашай утульнай і гасціннай школе, — прамовіў дырэктар. — Мне асабіста вельмі не хочацца з вамі развітвацца, бо за гэтыя гады для ўсіх нас вы сталі блізкімі і роднымі людзьмі. Але трэба ісці наперад, пракладаць дарогу да жыццёвых вяршынь. Поспехаў вам на абранай дарозе, шчасця і дабрабыту!
Па чарзе дзевяцікласнікі падыходзілі да Юрыя Часлававіча, які ўручыў пасведчанні аб атрыманні базавай адукацыі. Атэстат сталасці дырэктар уручыў і Олі Грыгор’евай — адзінай выпускніцы 11 класа Велікасельскай ДС-СШ.
Оля і некаторыя дзевяцікласнікі ўжо вызначыліся з выбарам будучых прафесій, якія ў хуткім часе атрымаюць у навучальных установах вобласці. Іншыя юнакі і дзяўчаты прадоўжаць навучанне ў дзясятым класе школы, каб праз два гады набыць сярэднюю адукацыю.
Класныя кіраўнікі адзінаццатага і дзявятага класаў Васілій Васільевіч Рымдзёнак і Ларыса Уладзіміраўна Кудзіна на развітанне пажадалі сваім вучням заставацца дастойнымі людзьмі, адшукаць сваё месца ў жыцці і прыносіць сваімі справамі карысць грамадству.
Сяргей РАЙЧОНАК.


























