
Хлебаробы ААТ “Жвіранка” сабралі сёлета багаты ўраджай збажыны. На 6 верасня было намалочана (у бункернай вазе) 8775 тон зерня. Падводзіць канчатковыя вынікі яшчэ рана, бо на асобных участках даспяваюць зернебабовыя і яравы рапс. Так што ёсць надзея выйсці на 9-тысячны намалот. Варта сказаць, што тутэйшыя хлебаробы не ўступаюць лідарства ў раёне на працягу ўсёй уборкі ні па намалотах, ни па ўраджайнасці. Цяпер дбаюць аб новым ураджаі. Запланавалі пасеяць азімыя зерневыя на плошчы 1400 гектараў. Гэта некалькі больш папярэдняга года. Сярод культур перавага аддаецца трыцікале — 700 гектараў, на 300 — будзе пасеяна пшаніца, астатнія плошчы займе жыта. Мяркуюць хлебаробы справіцца з пастаўленай задачай і загарнуць насенне ў глебу ў аптымальныя тэрміны. Каб атрымаць запланаваны ўраджай культур, выконваюцца ўсе тэхналагічныя патрабаванні. Глеба запраўляецца арганічнымі ўгнаеннямі, унеслі мінеральныя тукі, перад гэтым знішчылі пустазелле шляхам унясення гліфасатаў.
Трапілі мы ў гаспадарку, калі на 44 гектарнай плошчы шчыравалі механізатары. Поле падрыхтавана да сяўбы — выраўнена, добра ўробленая глеба. Пастараліся механізатары Віктар Цімафееў і Віктар Дулінскі, якія прайшліся па ўчастку з чызельнымі культыватарамі. Следам на трактары МТЗ-3022 з сеялкай АПП-6 загортваў у глебу пратручанае насенне механізатар Сяргей Сцепулёнак. Некалькі кругоў і насенне трапіла ў пульхную глебу, сеялка апусцела.Тут у канцы поля пад’ехаў на аўтазапраўшчыку Генадзій Жойдзь. Запраўляецца чарговая партыя насення і зноў сеялка ў рабоце.
На дадзеную дату ў ААТ “Жвіранка” пасеяны азімыя культуры на плошчы 400 гектараў, што складае 30 працэнтаў да плана.
Кацярына СОСНА
