Паўстагоддзя працы на карысць раёна: юбілей Шаркаўшчынскага ПМС

Актуальное

IMG_0247 (Копировать)Трэцяя частка сельскагаспадарчых зямель у нашай краіне з’яўляюцца меліяраванымі. Яны займаюць плошчу амаль 3 мільёны гектараў. Шырокамаштабная меліярацыя ў Беларусі пачалася больш за 50 год назад.

Як сведчаць дакументы, у адпаведнасці з Пастановай Савета Міністраў БССР ад 12 снежня 1969 года № 408 Міёрскае будаўніча-мантажнае ўпраўленне Віцебскага аблмеліятрэста, якое у той час знаходзілася ў вёсцы Клетаў Двор Міёрскага раёна, пераведзена ў гарадскі пасёлак Шаркаўшчына і перайменавана ў Шаркаўшчынскае будаўніча-мантажнае ўпраўленне (загад Міністэрства меліярацыі і воднай гаспадаркі БССР ад 15 чэрвеня 1970 года № 297).

Сваю дзейнасць арганізацыя ў літаральным сэнсе пачала на чыстым полі, базы не было наогул. Адміністрацыйны будынак знаходзіўся ў вагончыку. У 1970 годзе ў СМУ, як у той час называлася арганізацыя, працавала больш за 350 чалавек. Першым кіраўніком быў Іван Іванавіч Жарнаклёў. А з 1971 па 1998 гады калектыў меліяратараў узначальваў Эдмунд Антонавіч Альсевіч. З цягам часу колькасць работнікаў павялічвалася. У пачатку 1980-х гадоў тут было 430 чалавек. Машынна-трактарны парк складаўся з дзевятнаццаці шматкаўшовых экскаватараў (ЭТЦ), было 15 аднакаўшовых экскаватараў, 20 бульдозераў, 6 энерганасычаных трактараў “Кіравец” К-701. Аб’ёмы работ таксама былі вельмі значнымі і вялікімі. За год будаўніцтва меліярацыйных сістэм ажыццяўлялі на плошчы звыш тысячы гектараў. Ва ўсіх сельскагаспадарчых прадпрыемствах працавала тэхніка меліяратараў, ішло масавае асушэнне зямель і ўвядзенне іх у севазварот.

У 1970—80-х гадах у гарадскім пасёлку пачалі будаваць жылы мікрараён для сем’яў работнікаў будаўніча-мантажнага ўпраўлення. Былі пабудаваны 253 кватэры агульнай жылой плошчай 14970 квадратных метраў, інтэрнат для работнікаў на 50 месцаў, сталовая, рамонтныя майстэрні, склады, дзіцячы сад і магазін.

— Я прыйшоў працаваць у арганізацыю ў 1981 годзе на пасаду майстра, — кажа цяперашні дырэктар прадпрыемства меліярацыйных сістэм Анатолій Сямёнавіч Дзіковіч. — У той час кіраўніком арганізацыі з’яўляўся Эдмунд Антонавіч Альсевіч — сапраўдны прафесіянал сваёй справы. У самым пачатку працоўнага шляху мне дапамагалі дасведчаныя спецыялісты, сярод якіх былі Віталій Андрэевіч Язёнак, Іван Іларыёнавіч Смерцеў, Мікалай Мікалаевіч Таўкінь і іншыя старэйшыя калегі.

З цягам часу на тэрыторыі арганізацыі ўзвялі лесапілараму, сталярны цэх, дадатковыя майстэрні, гаражы, нафтабазу і іншыя збудаванні. Усё гэта дазволіла штогод перавыконваць вытворчыя паказчыкі, даведзеныя дзяржавай. А ў 1988 годзе выканалі дзяржплан ажно на 200 працэнтаў. Працоўны калектыў практычна кожны год атрымліваў пераходныя Чырвоныя сцягі і шматлікія ўзнагароды па выніках працоўных спаборніцтваў. У 1978 годзе шаркаўшчынскія меліяратары ўзнагароджаны Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР. Многія работнікі паказвалі раней і цяпер вызначаюцца высокімі паказчыкамі ў сваёй працы.

На жаль, з распадам Савецкага Саюза шматлікія арганізацыі, у тым ліку і наша, перажывалі эканамічны заняпад. З-за недастатковага фінансавання зменшыліся аб’ёмы работ па асушэнні зямель. Скарачаўся штат працуючых. Некаторыя кваліфікаваныя і вопытныя спецыялісты былі вымушаны пакінуць арганізацыю і шукаць дастойны заробак у іншых прадпрыемствах. Дадатковыя цяжкасці былі і з рамонтам тэхнікі, набыццём новай. Перыяд пачатку і сярэдзіны 1990-х гадоў быў надзвычай складаным. Тым не менш, нягледзячы на шматлікія цяжкасці, наша арганізацыя не была скасавана, як некаторыя іншыя ў Віцебскай вобласці і рэспубліцы. А ў мінулым годзе да нас далучылі Пастаўскае прадпрыемства меліярацыйных сістэм. Аб’ёмы работ значна ўзраслі, павялічылася працягласць меліярацыйных каналаў, траву і кустарнікі на якіх мы кожны год выдаляем.

Арганізацыя займаецца таксама будаўніцтвам лесагаспадарчых дарог. Працавалі на аб’ектах Докшыцкага, Верхнядзвінскага, Браслаўскага раёнаў. На сённяшні дзень будуем лесагаспадарчую дарогу ў Лужкаўскім лясніцтве. Сёння на нашым прадпрыемстве працуюць крыху больш за сто чалавек. Машынна-трактарны парк складаецца з двух шматкаўшовых экскаватараў, маецца шэсць аднакаўшовых, пяць бульдозераў, столькі ж самазвалаў, іншая тэхніка.

Калектыў арганізацыі ніколі не пасуе перад цяжкасцямі. Сумленныя работнікі працуюць дзеля дабрабыту прадпрыемства і асабістай зацікаўленасці. Сваё прафесійнае свята, якое адзначалася 7 чэрвеня, і 50-годдзе арганізацыі мы сустрэлі з добрым працоўным настроем і вытворчымі паказчыкамі, планамі на перспектыву. Зычу ўсім сваім калегам і ветэранам арганізацыі моцнага здароўя, сямейнага шчасця і дабрабыту. Няхай ў дамах пануюць згода і лад, а ў сэрцах будуць любоў, пяшчота і дабрыня.

Сяргей РАЙЧОНАК.

189 (1) (Копировать) 204 (Копировать) 233 (Копировать)

IMG_0254 (Копировать)