Слаўная перамога войскаў ВКЛ над татарамі ў бітве на Сініх Водах стала тэмай малюнкаў юных шаркаўшчынскіх мастакоў

Актуальное

юныя шаркаўшчынскія мастакі, якія прынялі ўдзел у выставе.

Сёлета адзначаецца 650-годдзе адной з важнейшых вайсковых падзей у гісторыі сярэднявечнай Беларусі — перамогі войскаў Вялікага княства Літоўскага пад кіраўніцтвам вялікага князя Альгерда над татарамі у бітве на Сініх Водах. З гэтай нагоды вучням Шаркаўшчынскай школы мастацтваў было прапанавана даслаць свае работы ў Мінск на прысвечаную бітве мастацкую выставу. Для гэтага дзецям трэба было папярэдне пазнаёміцца з гістарычнай літаратурай, пашукаць матэрыял у Інтэрнэце і адлюстраваць у сваім творы ці момант з бітвы, ці намаляваць партрэт важнай гістарычнай асобы або проста звычайнага ваяра — удзельніка бітвы.
Са старэйшых вучняў школы мастацтваў удзел у выставе прынялі Яна Турчынская, Крысціна Балай, Ілля Арлюкевіч, з малодшых — Аляксей і Анастасія Букі, Андрэй Арлюкевіч, Аляксей Лук’янскі, Віка Іванова, Насця Сцепаненкава, Рыта Ерамеева, Дзіяна Лалыка. У кожнага з юных мастакоў быў свой падыход. Вось, напрыклад, Анастасія Бука пры стварэнні вобразаў князя Альгерда і князёўны Марыі Яраслаўны хоць і пазнаёмілася з даступнымі выявамі князя Альгерда ў Інтэрнэце, але ў асноўным спадзявалася на сваю фантазію. Яе брат Аляксей выбраў сабе няпросты батальны жанр і маляваў менавіта саму бітву на Сініх Водах. Па словах настаўніка, яму ўдалося перадаць у сваім творы трывожны настрой, напружанне перад пачаткам бітвы. А вось Андрэй Арлюкевіч не стаў праводзіць гістарычныя даследванні, а проста намаляваў ваяра на кані, настаўнік параіў дамаляваць за ім замак, а тады акрэсліліся сюжэт і назва твору — «Ганец», які спяшаецца з трывожнай навіной.
Агульны вынік задаволіў як выкладчыкаў, так і арганізатараў выставы, усе дасланыя работы былі прынятыя да ўдзелу.
— Лічу, што такія творчыя мерапрыемствы патрэбныя, — расказвае выкладчык школы мастацтваў Віктар Фёдаравіч Крук. — Таму з радасцю адгукнуўся на прапанову арганізатара выставы мастака Міколы Купавы і прапанаваў дзецям прыняць у ёй удзел. У працэсе працы над творамі мы разам даведваліся падрабязнасці гэтай важнай падзеі ў нашай гісторыі, знаёміліся з яе удзельнікамі і, увогуле, гістарычнымі асобамі, якія жылі ў той час. Атрымалася, што мы праз творчасць папоўнілі прабелы ў нашых ведах гісторыі. Бо на маю думку, у школе вывучэнню нашага мінулага, у якім шмат вартых гонару старонак, надаецца не так шмат увагі, як таго хацелася б.
Цалкам магчыма, разважаем мы з Віктарам Фёдаравічам, што продкі кагосьці з удзельнікаў выставы нароўне з іншымі старажытнымі беларусамі змагаліся ў бітве на Сініх Водах. Чаму не? Сучасная тэрыторыя Шаркаўшчынскага раёна ў той час неаддзельнай часткай уваходзіла ў Вялікае княства Літоўскае, і жыхары гэтай зямлі маглі ўдзельнічаць у слаўнай перамозе над татарамі.
Андрэй БУРЭЦ

Гістарычная даведка: Восенню 1362 года вялікі князь літоўскі Альгерд разам са сваімі пляменнікамі выправіўся ў паход на татарскія орды, якія ў той час гаспадарылі на Падоллі. У выніку бліскучай перамогі над ворагам большая частка тэрыторыі сучаснай Украіны была вызвалена ад татарскага панавання і далучана да Вялікага княства Літоўскага. Ядром вайсковай моцы Альгерда ў бітве былі харугвы Наваградскага княства, харугвы Віленская, Віцебская, Менская, Заслаўская, Берасцейская, Мсціслаўская, Камянецкая і іншыя.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *