Жыццё, прысвечанае людзям і роднаму краю. Памяці шаркаўшчынскай паэткі Надзеі Васільеўны Паляк

Культура

89Мы ганарымся тым, што побач з намі жывуць цудоўныя светлыя людзі, якія ўслаўляюць у сваіх творах родны край, сваю зямлю, людзей, прыгажосць роднай прыроды. У канцы верасня, у цёплыя і сонечныя восеньскія дні, на 82-м годзе абарвалася жыццё таленавітага чалавека, удзельніцы народнага літаратурна-музычнага аб’яднання “Світанак” Надзеі Васільеўны Паляк. Былы кіраўнік аматарскага аб’яднання Ала Клакоўская даслала ў рэдакцыю ліст, у якім расказвае пра жыццёвы і творчы шлях гэтага выдатнага чалавека.
“Паэзія Надзеі Паляк — гэта не проста зарыфмаваная думка. Гэта сапраўдны верш — таямніца, якая жыве доўгі час у душы аўтара, а потым становіцца даступнай іншым. Паэзія для Надзеі Васільеўны — гэта жыццё, успаміны, мары і… каханне.
Нарадзілася Надзея Васільеўна Паляк 30 сакавіка 1939 года ў вёсцы Мельканавічы на Слонімшчыне. У 1941 годзе пачалася вайна, і сям’і ў 1942 годзе давялося пераехаць на радзіму бацькі пад Маладзечна, у вёску Беніца. Тут і прайшло яе нялёгкае дзяцінства. У сям’і гадавалася чацвёра дзяцей. У 1946 годзе маленькая Надзейка пайшла ў першы клас Беніцкай сямігодкі. Вельмі любіла чытаць, асабліва вершы.
“Можа, як у другім класе была, — успамінала Надзея Васільеўна, — пры школе адкрылі бібліятэку і сказалі, што нават нам, малым, будуць выдаваць кніжкі для чытання. Прыляцела ж я ў першы раз у тую бібліятэку і кінулася да самых вялікіх кніг. Спрабавала мне бібліятэкар даць “Лягушку-путешественницу”, але я выбрала зборнік вершаў Максіма Танка.”
Можа гэта было прадчуванне таго, што пройдзе час і ў самой Надзеі Васільеўны атрымаецца рыфма. Пасля заканчэння Маладзечанскага медыцынскага вучылішча Надзея працавала ў Мінску на мотавелазаводзе, стаяла каля станка. Але яе маці вельмі хацела, каб дачка працавала медсястрой.
Так, у сакавіку 1958 года маладая медыцынская сястра атрымала накіраванне ў Александроўскі дом-інтэрнат Шаркаўшчынскага раёна. Аднак па сямейных абставінах прыйшлося вярнуцца на радзіму. Але жыццёвы шлях усё ж зноў прывёў Надзею Васільеўну ў Шаркаўшчыну. За гэты час адбылося многае ў яе жыцці: выйшла замуж, нарадзіла сына, жыццё якога, на вялікі жаль, трагічна абарвалася ў дзявятнаццацігадовым узросце. У 1967 годзе нарадзілася дачка Алёна. А праз тры гады памёр муж.
Тым не менш, жыццё працягвалася, падрастала дачка. Працавала Надзея Васільеўна ў Шаркаўшчынскай бальніцы ў дзіцячым аддзяленні, пасля ў паліклініцы, дзіцячых яслях, туберкулёзным аддзяленні бальніцы, пазней — у хірургічным аддзяленні, на станцыі хуткай дапамогі. На заслужаны адпачынак пайшла медсястрой тэрапеўтычнага аддзялення. Усяго 35 гадоў адпрацавала ў медыцыне.
У 1983 годзе памёр другі муж, з якім пражылі 6 гадоў. За гэты час Надзея Васільеўна і сэрцам, і душой прырасла да шаркаўшчынскага краю. “Лічу, што тут жывуць найлепшыя людзі на свеце!” — неяк сказала яна.
Вялікія жыццёвы вопыт і зацікаўнасць літаратурай прывялі Надзею Васільеўну на ніву творчасці. Яшчэ ў школе яна вельмі добра пісала сачыненні. Затым пачала спрабаваць сябе ў прозе: пісала пра дзяцінства, пра сваіх аднагодак, пра ваенныя гады. З захапленнем перачытвала такіх аўтараў як Максім Танк, Максім Багдановіч, Васіль Быкаў, Рыгор Барадулін і іншых.
З 1992 года ў літаратурнай старонцы ”Світанак” раённай газеты “Кліч Радзімы” пачалі друкавацца вершы Надзеі Паляк. Яе імя вядома чытачам літаратурнага альманаха “Гоман”, альманаха сатыры і гумару “Вожык”, міжнароднага альманаха “Славянские колокола”. Надзея Васільеўна з’яўляецца аўтарам кніг “Чым я жыву, тым ганаруся” (2008), “Хвалююць сэрца ўспаміны” (2016), сааўтарам калектыўных зборнікаў “Подыхам адзіным”, “Пяе душа паэта”, “Шаркаўшчынскаму краю” і “Не злічыць у сэрцы светлых дум”.
Гартаючы зборнікі вершаў Надзеі Васільеўны, мы сустракаем вершы-прысвячэнні Максіму Багдановічу, Васілю Быкаву, Івану Сікору. Асобнае месца ў яе творчасці займаюць вершы-прысвячэнні дачцэ Алёне, унучцы Лізе.
Тэма Радзiмы i Бацькаўшчыны — адна з галоўных ў творчасцi Надзеі Паляк. Яна праходзiць праз усе яе вершы і зборнiкi.  Прырода роднага шаркаўшчынскага краю паўстае ў вершах незвычайна прыгожай, бо тут праяўляецца яе майстэрства маляваць словам.
Традыцыйныя і, па сутнасці, вечныя тэмы вёскі, бацькоўскага кута, роднай зямлі, таксама жывуць у яе творах, бо гэта той мацярык, які неадольна прыцягвае да сябе, надае сілу і моц.
Мы, сябры народнага літаратурна-музычнага аб’яднання “Світанак”, удзельнікам якога амаль з пачатку яго існавання была і Надзея Васільеўна, бязмерна смуткуем з выпадку цяжкай страты гэтага чалавека з вялікай душой, цудоўнай паэткі роднай зямлі. Ад усёй душы падзяляем боль родных і блізкіх.
Яе вершы і проза напісаны для нас, каб мы, чытаючы іх, пранікліся любоўю да родных мясцін, да нашай прыгожай краіны Беларусі. А песні нашых мясцовых кампазітараў на яе вершы, няхай і далей гучаць і праслаўляюць наш родны край!”
Падрыхтаваў Сяргей РАЙЧОНАК.