Марыя Мікалаеўна Кушнер з вёскі Лапунова споўнілася 90 гадоў

Актуальное

у госці да юбіляркі завіталі аднавяскоўцы, работнікі Лужкаўскага сельскага Савета і сельскага Дома культуры

Праязджаючы па дарозе з Шаркаўшчыны на Лужкі пастаянна звяртаю ўвагу на вёску Лапунова. Будынкі на ўзгорку расцягнуліся на значную адлегласць. Вокначкі ў кожным доме маленькія, шалёўка будынкаў не падоўжная, як звычайна, а папярочная. Складваецца ўраджанне, што ў далёкія часы праектаваў яе асабісты архітэктар. На процілеглым баку праезнай дарогі — прыгожы ландшафт. Працякае рэчка Мнюта, а на берагах яе зараснік чаромхі. Праўда, пабудовы вёскі ўжо векавыя і аб гісторыі яе стварэння могуць прыгадаць толькі старажылы. Цяпер, у некалі маляўнічым паселішчы, пражывае 13 гаспадароў і ўсе яны пенсійнага ўзросту. Самая старэйшая з іх Марыя Мікалаеўна Кушнер, якой у мінулым месяцы споўнілася 90 гадоў.

Марыя Мікалаеўна Кушнер

На юбілей да жанчыны завіталі работнікі Лужкаўскага сельскага Савета і сельскага Дома культуры. Для Марыі Мікалаеўны гэта стала прыемнай нечаканасцю. Жанчына так расчулілася, што пасля выступлення самадзейных артыстаў сама заспявала. Ды такім мілагучным і прыемным голасам, што хоць у хор ветэранаў запрашай! Бо, як яна прызналася, якую б работу ні рабіла, заўсёды спявала. Затым жанчына прыгадала тыя гады, калі была маладая, жвавая, вясёлая. Усё жыццё яе было аддадзена працы. З 15 гадоў ужо рвала лён, жала жыта, касіла авёс, абкошвала прыдарожныя палосы, капала бульбу, разгружала з іншымі калгаснікамі вагоны з удабрэннем, даіла кароў і пасвіла жывёлу, шмат яшчэ якой ручной працы перарабіла. Па штату ў калгасе лічылася паляводкай, а даводзілася працаваць і ў жывёлагадоўлі. Усё таму, што нідзе і ні ў чым не адмаўлялася. Трэба некага адпусціць у бальніцу, у іншай жанчыны дзіцё захварэла, да кагосці госці прыехалі — ну і бягуць да Марыі Мікалаеўны, як да “выручалачкі”. Дзень у дзень хадзіла на працу. Тады пра водпускі і гаворкі не было. Руплівая, старанная — усюды паспявала. За працай і сваё жыццё не ўладкавала. Так і засталася адна, не паспытаўшы сямейнага шчасця і радасці мацярынства. Гэта вельмі адчуваецца ў старым узросце. Каб не дочкі сястры, ды добрыя вяскоўцы, то і прытуліцца не было б да каго.
Мы заўважылі ў хаце жанчыны на стале стос газет “Віцебскі рабочы”, “Народны доктар” і часопісаў “Работніца і сялянка”.
— Пачала выпісваць іх адразу пасля вайны, так і па сённяшні дзень з імі не развітваюся. Прачытаю кожны артыкул ад пачатку да канца, — пахвалілася Марыя Мікалаеўна і дадала. — Я ж ніводнага дня не хадзіла ў школу. Не было такой магчымасці, калі ўзрост дазваляў, вучыцца. А чытаць навучылася каля малодшых сясцёр.
Жыць адной жанчыне ў доме, без мужчынскага пляча, вельмі складана. За гады адзіноты і дом пахіліўся і ў пакоях не ўтульна. Побач з яе домам жыве летам сям’я з Эстоніі. Дазваляюць на зіму ў яго перасяліцца Марыі Мікалаеўне. Атрымліваецца двайная зручнасць — цяплей перазімаваць старой і гаспадарам будзе куды летам вярнуцца.
М. М. Кушнер ні на каго не крыўдуе. На яе любыя просьбы прадстаўнікі мясцовай улады адклікаюцца. Хто чым можа з суседзяў дапамагаюць. Вось і на гэты раз не забыліся ў дзень юбілею прыпаднесці падарунак, сагрэць цёплым словам.
Кацярына СОСНА
Фота Марыны ЖАКАЎКА



1 комментарий по теме “Марыя Мікалаеўна Кушнер з вёскі Лапунова споўнілася 90 гадоў

  1. Говорят, что жители д.Лапуново делали на продажу лучшую самогонку в районе? Расскажите кто знает.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *