11 і 12 лютага ў сталіцы нашай краіны адбудзецца важная палітычная падзея — шосты Усебеларускі народны сход, на якім будуць акрэслены далейшыя шляхі развіцця Рэспублікі Беларусь на бліжэйшыя гады.
Цяпер жа працягваюць сваю работу дыялогавыя пляцоўкі, сэнс правядзення якіх заключаецца ў тым, каб пачуць кожнага чалавека, каму неабыякава будучыня нашай краіны.
Чарговае пасяджэнне дыялогавай пляцоўкі прайшло на базе Радзюкоўскага сельвыканкама. Удзел у ёй прынялі эксперты: член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, генеральны дырэктар камунальнага праектна-рамонтна-будаўнічага ўнітарнага прадпрыемства “Віцебскаблдарбуд” Уладзімір Матвееў, намеснік старшыні Шаркаўшчынскага раённага выканаўчага камітэта Юрый Васілеўскі і начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Людміла Стома. Мадэратарам мерапрыемства з’яўляўся старшыня Радзюкоўскага сельвыканкама Аляксандр Цітовіч.
— Дыялогавыя пляцоўкі — гэта дадатковы інструмент для ўдасканальвання заканадаўства. Тут абмяркоўваюцца пытанні не толькі канстытуцыйнай рэформы, але і ўдасканальвання работы органаў мясцовага кіравання і самакіравання. На дыялогавых пляцоўках ўзнімаюцца пытанні, якой павінна быць наша дзяржава ў будучым, — паведаміў у час свайго выступлення Аляксандр Аляксандравіч.
У пасяджэнні дыялогавай пляцоўкі прынялі ўдзел прадстаўнікі сацыяльнай і вытворчай сфер, дэпутацкі корпус Радзюкоўскага сельскага Савета.
Не так даўно да аграгарадка Радзюкі быў праведзены газаправод ад газаразмеркавальнай станцыі гарадскога пасёлка. Жыхары сельскага населенага пункта цяпер маюць магчымасць падключыць сваё жыллё пад агульную сетку ацяплення і карыстацца прыродным газам. Нязручным з’яўляецца толькі тое, што адлегласць ад месца, дзе заканчваецца газаправод да дамоў вяскоўцаў, вельмі значная. У большасці жыхароў аграгарадка няма фінансавай магчымасці, каб падключыць свае домаўладанні да агульнай сеткі. Таму гаспадары сядзіб у якасці альтэрнатывы пераводзяць ацяпленне ў сваіх дамах з пячнога на электрычнае. У гэтым таксама ёсць свае мінусы. Таму што магутнасць электрычных сетак, якая на сённяшні дзень існуе ў пасёлку, не ў поўнай меры разлічана на масавае падключэнне электракатлоў.
Не сакрэт, што ў поймах рэк, на берегах шматлікіх вадаёмаў расце значная колькасць дрэў, якія праз пэўны час засыхаюць, ламаюцца ад ветру. Многія людзі жадаюць выкарыстаць гэтую расліннасць пад свае патрэбы, але дзеючае заканадаўства не дазваляе займацца нарыхтоўкай такіх дрэў паблізу вадаёмаў. Прысутныя аднагалосна вырашылі, што абавязкова павінен быць прыняты адпаведны дакумент, які дазволіць грамадзянам займацца нарыхтоўкай такой драўніны.
У цяперашні час у вялікіх і малых сельскіх населеных пунктах маецца мноства дамоў, якія не з’яўляюцца жылымі. Сядзібы стаяць у запусценні, у большасці наогул няма гаспадароў. Некаторыя грамадзяне маюць жаданне набыць такія пабудовы і зрабіць з іх дачы, месцы для адпачынку, для развіцця аграэкатурызму. Перашкаджае гэтаму працяглае афрмленне ўсёй адпаведнай дакументацыі. І з фінансавага боку гэта таксама з’яўляецца вельмі стратнай справай. У дадзеным выпадку абавязкова павінна быць спрошчана працэдура афармлення дакументацыі для набыцця пустуючага жылля.
Эксперты ўважліва слухалі кожнага, хто выступаў, давалі адказы і тлумачэнні. Выказаныя ідэі і прапановы будуць улічаны пры падрыхтоўцы да 6-га Усебеларускага народнага сходу, на якім будуць вызначаны асноўныя накірункі развіцця краіны.
Сяргей РАЙЧОНАК.




