У перыяд навагодніх і калядных свят у краіне праходзіла рэспубліканская акцыя “Нашы дзеці”. Прадстаўнікі ўлады, кіраўніцтва прадпрыемстваў, грамадскіх арганізацый у гэтыя дні наведвалі дзіцячыя сады, школы, дзіцячыя дамы, апякунскія сем’і, іншыя сацыяльныя ўстановы, дзе выхоўваюцца дзеці.
14 студзеня, у стары Новы год, наш раён наведаў член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, генеральны дырэктар камунальнага праектна-рамонтна-будаўнічага ўнітарнага прадпрыемства “Віцебскаблдарбуд” Уладзімір Матвееў.
Разам з начальнікам аддзела па адукацыі раённага выканаўчага камітэта Кацярынай Міхнёнак і начальнікам аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Людмілай Стома з навагоднімі падарункамі яны завіталі ў сацыяльна-педагагічны цэнтр. Госці пагутарылі з дзецьмі, даведаліся пра іх заняткі, пажадалі трывалага здароўя і ўручылі шматлікія навагоднія падарункі, якія хлопчыкі і дзяўчынка прынялі з радасцю.
— Менавіта ад нас, дарослых людзей, залежыць святочны настрой у дзяцей, — падкрэсліў Уладзімір Сямёнавіч. — Бо кожны хлопчык і дзяўчынка вераць у навагоднія цуды, у шчаслівыя казкі і незабыўныя сюрпрызы. Мы абавязаны па меры магчымасці ўвасабляць мары дзяцей у рэальнасць, рабіць усё, каб загаданыя імі жаданні збыліся.
Сяргей РАЙЧОНАК.



